БЕЛ Ł РУС

Забіваць па загадзе ў тэлефоне? Псіхолаг — пра тое, чаму людзі пагаджаюцца выконваць такія дзікія ўказанні

19.03.2026 / 09:00

Вера Белацаркоўская

Расію ахапіла дзіўная хваля злачынстваў: па заданнях з месенджараў людзі падпальваюць вышкі сувязі, ладзяць крадзяжы і нават забіваюць. Як гэта магчыма і ці чакаць такое ў Беларусі? Распыталі псіхолага Наталлю Скібскую.

Наталля тлумачыць, што нам не хапае інфармацыі, каб аналізаваць канкрэтныя выпадкі. Але насамрэч дамагчыся такіх вынікаў не так і складана.

Сэнс усяго працэса — паціху ссоўваць межы дазволенага:

«Напрыклад, звязваюцца з чалавекам і даюць яму нейкае заданне, якое, на яго думку, не парушае або амаль не парушае яго маральныя межы. Пры гэтым можа быць прэсінг часу, калі мы не даем чалавеку час на тое, каб паразважаць і абдумаць заданне, трэба яго нейкім чынам хутка ўцягнуць у гэтую гісторыю. Тады яго можна запэцкаць сувяззю з нечым нядобрым, але ўсё яшчэ блізкім да рамак маралі.

А потым гэта паўтараецца зноў і зноў. Чалавек пакрыху ссоўвае межы дазволенага ў сваёй галаве, больш і больш забруджваецца. Ён пачынае сябе атаясамліваць з тымі, хто яму дае гэтыя загады. Гэта можа быць нехта аўтарытэтны, чалавеку могуць сказаць, напрыклад, што яму звоняць сілавікі ці следчыя і што яны бяруць на сябе адказнасць за тое, што ён робіць».

У адным з выпадкаў 20‑гадовая дзяўчына пайшла на забойства, бо яе ўпэўнілі, што яна ўдзельнічае ў аперацыі па выяўленні інагентаў. Наталля кажа, што гэта зразумелая тактыка — махляры знайшлі тое, што працуе менавіта для гэтай дзяўчыны. 

«Можна браць нейкія сюжэты з той карціны свету, якая важная для гэтага чалавека. А калі мы яшчэ іх прыгожа запакуем — напрыклад, ты будзеш прыносіць карысць дзяржаве — будзе зусім цудоўна. Спярша будзеш знаходзіць ворагаў, потым іх правакаваць, а потым можна і забіць», — тлумачыць Скібская.

Псіхолаг удакладняе, што ніколі так не бывае, каб чалавеку адразу ў пачатку кантакта давалі загад забіць. Бо ў такім выпадку любы б адказаў — маўляў, вы звар’яцелі. 

Ці магчымая такая хваля злачынстваў у Беларусі? Наталля ў гэтым не сумняецца:

«У нас таксама ёсць людзі з розным узроўнем крытычнага мыслення ці нават з яго адсутнасцю, выхаванне таксама шмат чаго перадвызначае. Вы думаеце, калі Германія дайшла да фашызму і Другой сусветнай вайны, Расія дайшла да цяперашняга стану, то мы не можам дайсці да такога? Можам!»

Псіхолаг падкрэслівае: запалохаць людзей і ажыццяўляць гвалт такім чынам насамрэч вельмі проста. І самае страшнае ў такіх гісторыях — тое, што яны насамрэч банальныя.

І нават калі вы лічыце сябе чалавекам з развітым крытычным мысленнем, не трэба думаць, што вы абароненыя ад махлярства такога кшталту:

«Вельмі важна ўсім трымаць узровень крытычнага мыслення і ўсвядомленасці, а таксама ўвесь час задаваць сабе пытанне, ці не ўцягваюся я ў гульні з д’яблам.

Лёгка напісаць дрэнныя рэчы, сказаць злыя словы, не стрымацца і агучыць нейкія свае непрыгожыя пачуцці. І каб сябе захоўваць, трэба ў сябе пра тое пытацца. Бо ў такім складаныя часы, як цяпер, мы робімся больш рэактыўнымі і можам дайсці да такіх страшных рэчаў, прычым гэта магчымае для кожнага з нас».

Чытайце таксама:

Кіраўнік дыяспары беларусаў у Крыме выступіў у падтрымку расійскай агрэсіі супраць Украіны

Расія ўзмацняе кампанію супраць Нарвы: у сетках заклікаюць узбройвацца і ствараць «народную рэспубліку»

Што азначае з’яўленне выхадцаў з Беларусі ў расійскім спецпадраздзяленні для асабліва важных аперацый і тайных забойстваў?

Каментары да артыкула