Што азначае з’яўленне выхадцаў з Беларусі ў расійскім спецпадраздзяленні для асабліва важных аперацый і тайных забойстваў?
Пасады начштаба і камандзіра разведкі ў новым расійскім суперсакрэтным спецпадраздзяленні, прызначаным для спецаперацый, займаюць выхадцы з групы «Альфа» КДБ Беларусі. «Наша Ніва» высветліла, што расійскія пашпарты яны атрымалі яшчэ ў 2019 годзе. Што яшчэ вядома і што з гэтага вынікае?

На фота ўверсе — чэмпіянат свету па хакеі 2014 года, Мінск, спартыўнага мужчыну ў майцы «Расія» прыабдымае іншы трэніраваны малады чалавек. Сяргей Радкевіч раней служыў у беларускай «Альфе», а цяпер камандзір разведупраўлення звышсакрэтнага расійскага «Цэнтра 795».
У «Цэнтры 795» служыць каля 500 афіцэраў — памер як у спецслужбы сярэдняй еўрапейскай дзяржавы. Створаны ён быў ужо пасля нападу на Украіну. У яго сабралі элітныя сілы ГРУ і ФСБ. Ствараўся ён як звышсакрэтная і цалкам аўтаномная структура, прызначаная для найбольш важных аперацый — пачынаючы ад ваенных ва Украіне і заканчваючы палітычнымі забойствамі ды выкраданнямі за мяжой. Патрэба ў такой структуры з'явілася пасля шэрагу правалаў у ГРУ, калі падчас правядзення тэрактаў у розных краінах яго супрацоўнікі аказаліся засвечаныя.

А на гэтым фота Сяргей Радкевіч (справа) — з намеснікам дзяржсакратара Савета бяспекі Расіі Дзмітрыем Мядзведзевым. Гэта 2023 год, Мядзведзеў наведвае прадпрыемства канцэрна «Калашнікаў».
The Insider удалося ідэнтыфікаваць усіх ключавых кіраўнікоў і спонсараў гэтага Цэнтра 795, вызначыць яго дыслакацыю і асноўныя кірункі яго дзейнасці. Публікацыя з'явілася пасля таго, як адзін з афіцэраў быў арыштаваны ў Калумбіі па абвінавачанні ў арганізацыі выкрадання некалькіх палітычных праціўнікаў Пуціна. Гэты афіцэр праваліўся, таму што выкарыстоўваў Google Translate для камунікацыі са сваім агентам.
Базуецца Цэнтр 795 на базе структуры расійскага канцэрна «Калашнікаў».
На старонках Сяргея Радкевіча ў сацсетках знаходзіцца фота 2018 года, на якім ён (другі справа) ужо тусаваўся з публікай «Калашнікава» на спаборніцтвах EEO2018 у Чэхіі.

У тэлефонных кнігах ён фігуруе як «Радкевич Сергей Александрович, а таксама Supkin Serge, Сергей Радик, «радик» Сергей Радкевич, Serge Radd, Serge От Алана Жилеты, Беларусь Альфа Сергей, Глок Сергей, Концерн Калашников Сергей, Патриот Сергей, Радкевич Сергей Калашников, Чоо Варяг — Радкевич Сергей Александрович, Радкевич Бетсити».
Яго захапленні тыповыя для расійскіх і прарасійскіх сілавікоў гэтага пакалення: акрамя стральбы, гэта матацыклы.

Для беларусаў у гэтай гісторыі істотна, што ў «Цэнтры 795», расійскім спецпадраздзяленні, служаць і выхадцы з беларускай «Альфы». Прычым не на ніжэйшых пасадах. Сяргей Радкевіч там — начальнік разведвальнага ўпраўлення. А Дзмітрый Драздоў — нават начальнік штаба.
Паводле звестак, які мае ў сваіх базах «Белпол», Дзмітрый Драздоў прынамсі да 2016 года служыў у в/ч 10091, якую звязваюць з КДБ Беларусі. Сяргей Радкевіч служыў у той жа часці да 2016 года. Пасля гэтага нейкі час лічыўся беспрацоўным, а ад 2020 года ў базах пачынае фігураваць як дырэктар па спецпраектах канцэрна «Калашнікаў». Радкевіч з 08.04.2017 мае пашпарт серыі PP, які ён атрымаў як асоба, што пастаянна пражывае за мяжой, і звесткі пра консульскі ўлік у Расіі.
У інтэрнэце адшукваецца, што ў гэтых двух афіцэраў цяпер ёсць расійскія пашпарты.

Дзмітрый Драздоў, ураджэнец Мінска, атрымаў расійскі пашпарт 22 студзеня 2019 года ў Маскве. А Сяргей Радкевіч — 25 студзеня 2019 года таксама ў Маскве (Радкевіч, дарэчы, ураджэнец Харкава, які ўжо чатыры гады бамбяць яго паплечнікі).
Звяртае ўвагу сінхроннасць атрымання імі пашпартоў — яны адначасова прынялі рашэнне аб пераходзе на службу ў Расію.
Істотны і сам факт, што яны грамадзяне Расіі. Гэта значыць, што гаворка не ідзе пра інтэграваную беларуска-расійскую структуру. Значыць, яны проста памянялі дзяржаву на іншую. Калі была б інтэграваная структура, то яны, хутчэй за ўсё, заставаліся б грамадзянамі Беларусі.
Што значыць факт камплектацыі расійскай топавай спецслужбы выхадцамі з КДБ Беларусі? Такое пытанне «Наша Ніва» задала падпалкоўніку Станіславу Лупаносаву, які да 2020 года працаваў у МУС Беларусі, а пасля далучыўся да «Байпола».
«Першы раз, калі такі факт стаў вядомы, — кажа Станіслаў Лупаносаў. — Раней для беларусаў толькі Беларусь была, свае супрацоўнікі толькі для сябе былі. Відаць, сітуацыя змянілася. І Расія стала прыцягваць і нашых спецыялістаў, тым больш што нашы спецыялісты заўсёды цаніліся ў Расіі».
Што матывуе выхадцаў з беларускіх сілавых структур наймацца ў Расію?
«Гэта грошы, добрыя зарплаты, пераманьваюць, камерцыйны інтарэс», — мяркуе падпалкоўнік Лупаносаў.
Ці гэта са згоды Лукашэнкі адбывалася?
«Я думаю, што згоды не пытаюць, але кіраўніцтва не можа не быць у курсе. Звяртае ўвагу, што супрацоўнік «Альфы» 1983 года яшчэ малады, яшчэ мог бы працаваць тут у органах. Расійскі пашпарт атрымаў, калі яму было 36 гадоў», — звяртае ўвагу экс-сілавік.
Ці можа такое падраздзяленне, раз яго ўкамплектавалі выхадцамі з Беларусі, займацца таксама палітычнымі праціўнікамі беларускай дыктатуры?
«Можа, — мяркуе Станіслаў Лупаносаў. — Таму што абмен інфармацыяй заўсёды быў і ніколі не спыняўся. Самы яркі прыклад — затрыманне Фядуты і Зянковіча ў Маскве».
«Супрацоўнікі нашых спецпадраздзяленняў КДБ вучыліся ў Акадэміі ФСБ», — нагадвае Станіслаў Лупаносаў.
«Апублічванне інфармацыі пра «Цэнтр 795» прывядзе да згортвання яго дзейнасці, — упэўнены Станіслаў Лупаносаў. — Калі яго спалілі ў СМІ, з прозвішчамі, пасадамі, гэта правал.
Гэта аналагічна як у 2022 годзе «Байпол» рассакрэціў 9‑ы аддзел ГРУ. Пасля таго тую структуру расфарміравалі».


Як бачым на прыкладах Дзмітрыя Драздова і Сяргея Радкевіча, некаторыя з беларускіх сілавікоў гатовыя наймацца ў самыя брудныя расійскія структуры — абы атрымліваць расійскія заробкі.
Каментары
Лукашенко - их кукла, через которую выполняют всю грязь по уничтожению беларуского в Беларуси, чтобы, напрямую, самим не пачкаться.....
[Зрэдагавана]