БЕЛ Ł РУС

Любыя спробы нармалізаваць адносіны з Лукашэнкам будуць упірацца ў адну вялікую праблему

6.04.2026 / 09:00

Даніла Луцкевіч

На чарговай сустрэчы з Лукашэнкам 19 сакавіка Джон Коўл закрануў пытанне аб спыненні новых арыштаў: маўляў, вызваляем 10 чалавек — а яны арыштоўваюць яшчэ 10. Але гэта не адзінае пытанне, якое будзе ўзнікаць пры спробе нармалізаваць адносіны з Лукашэнкам.

Джон Коўл і Аляксандр Лукашэнка, 19 сакавіка 2026. Фота: Belarusian Presidential Press Service via AP

Старых выпусціць — новых не саджаць

Пытанне Коўла важнае і лагічнае, бо інакш сітуацыя можа пераўтварыцца ў бізнэс па гандлі закладнікамі.

Без спынення крымінальнага палітычнага пераследу ўнутры краіны колькасць палітвязняў у Беларусі не будзе нулявой, працэс можа стаць бясконцым.

Аднак пры цяперашнім тэмпе сапраўды можна ўявіць сітуацыю, калі, напрыклад, пры канцы 2026 года палітвязняў у Беларусі не застанецца. Ці прынамсі іх колькасць будзе вымярацца адзінкамі, а не сотнямі.

Нуль палітвязняў не роўна нуль рэпрэсій

Тым не менш нават нуль палітвязняў не будзе азначаць сапраўднай адлігі з поўнай амністыяй. Пры Лукашэнку вяртанне ва ўмоўны 2019 год абсалютна немагчымае. Ніякіх незалежных СМІ, НКА, апазіцыі і іншых прыкмет дэмакратыі быць не можа.

Аднак, прынамсі з боку Штатаў, цяпер вымалёўваюцца новыя чырвоныя рысы, сутнасць якіх — не псаваць жыццё суседзям і не праводзіць масавых рэпрэсій.

Магчыма, з часам рэжым Лукашэнкі сапраўды можа быць здольны прытрымлівацца такіх умоў у абмен на зняцце санкцый і нармалізацыю адносін. Але на гэтым трэку ў любым выпадку ўзнікне праблема — чарговыя выбары.

Правядзенне сумленных выбараў — гэта 100% гарантыя краху для рэжыму. Таму ніякіх сапраўдных выбараў пры ім не будзе, і гэта разумеюць усе: ад людзей унутры сістэмы да амерыканцаў.

Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін 26 лютага 2026 года. Фота: АР

І гэта і ёсць тая праблема, з якой мусіць сутыкнуцца любы, хто цяпер гатовы на нармалізацыю адносін з афіцыйным Мінскам.

Пытанне правядзення сумленных выбараў (лічы — адыход Лукашэнкі ад улады) — гэта тое, што рэжым не гатовы абмяркоўваць.

Выбары новыя, праблемы старыя

Калі нейкая краіна ідзе на нармалізацыю адносін з рэжымам Лукашэнкі, то праз некалькі гадоў — у 2030‑м — яны сутыкнуцца з гэтай дылемай: як выбудоўваць адносіны з кіраўніком краіны, які працягвае ўтрымліваць уладу выключна праз фальсіфікацыю, знішчэнне апазіцыі і рэпрэсіі.

Атрымліваецца, што ў такім ключы стаўленне да Беларусі можа пайсці па туркменскім, таджыцкім або азербайджанскім сцэнарыі, калі ва ўладзе знаходзіцца аўтарытарны лідар, а свабодныя СМІ і апазіцыя адсутнічаюць або прадстаўлены вельмі абмежавана. У краіне ёсць пэўная колькасць палітвязняў, але кіраўнікі не ізаляваныя ад цывілізаванага свету.

Пуцін, Лукашэнка, Рахмон, Такаеў і Жапараў. Фота: Alexander Kazakov Sputnik Kremlin Pool Photo / AP

І тут галоўнае адрозненне Лукашэнкі ў тым, што ён не толькі ўзурпіраваў уладу, выціснуў СМІ і цалкам знішчыў апазіцыю. Ён сваімі дзеяннямі не дае спакойна жыць суседнім краінам ЕС, а ў 2022 годзе яшчэ і надаў тэрыторыю краіны для нападу на Украіну.

Як нармалізоўваць адносіны з такім бэкграўндам — пытанне, якое не мае простых адказаў і якое непазбежна паўстане з новай сілай адразу пасля чарговай імітацыі выбараў.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула