БЕЛ Ł РУС

Гурт BTS вярнуўся на сцэну. Вы маглі пра іх не чуць, а ў Сеул на гэты канцэрт з'ехалася 250 тысяч чалавек

22.03.2026 / 00:02

Nashaniva.com

Гэты K-pop гурт мае мільёны прыхільнікаў па ўсім свеце, а Netflix выкупіў эксклюзіўныя правы на трансляцыю іх канцэрта. Чакаецца, што гэты канцэрт прынясе эканоміцы Паўднёвай Карэі амаль мільярд даляраў.

Фота: Kim Hong-Ji — Pool/Getty Images

У суботу ў Сеуле пасля доўгага перапынку адбыўся канцэрт самай паспяховай паўднёвакарэйскага гурта апошніх гадоў — BTS. На плошчу Кванхвамун у гістарычным цэнтры Сеула, паводле даных прамоўтэраў, прыйшлі каля 105 тысяч гледачоў. Усяго, па ацэнках гарадскіх улад, дзеля выступлення групы ў горад прыехала каля 250 тысяч чалавек з іншых рэгіёнаў краіны і з-за мяжы, піша Бі-бі-сі.

Паведамляецца, што прабіцца да сцэны змаглі толькі 22 тысячы чалавек, астатнія стаялі за агароджай і глядзелі выступленне на велізарных экранах.

У гонар вяртання да сваёй шматмільённай арміі прыхільнікаў гэты канцэрт бой-бэнд даў бясплатна.

Раней падлічвалі, што будучы канцэрт гурта BTS у цэнтры Сеула прынясе эканоміцы Паўднёвай Карэі амаль мільярд даляраў.

Сем удзельнікаў групы — RM, Jin, Suga, J-Hope, Jimin, V і Jung Kook — з’яўляюцца кумірамі ў сябе на радзіме і вельмі папулярныя ва ўсім свеце.

Напярэдадні быў выпушчаны іх доўгачаканы альбом Arirang (яго назва — адсылка да самай вядомай карэйскай народнай песні, своеасаблівага сентыментальнага гімна пра пераадоленне цяжкасцей і рух да лепшай будучыні), а суботні канцэрт стаў першым сумесным выступленнем з кастрычніка 2022 года.

Тады, на піку сваёй папулярнасці, бой-бэнд абвясціў, што бярэ паўзу, каб прайсці абавязковую вайсковую службу. Першым у армію сышоў Jin у 2022 годзе, апошнім — Suga, які завяршыў службу ў чэрвені мінулага года, пасля чаго стала магчымым уз’яднанне групы.

Для мільёнаў прыхільнікаў па ўсім свеце суботні канцэрт трансляваўся ў прамым эфіры на Netflix. У межах пагаднення з BTS платформа атрымала эксклюзіўныя правы на стрымінг выступлення, а таксама на дакументальны фільм пра ўз’яднанне групы — маркетынгавы поспех на фоне шматмільярдных інвестыцый у карэйскую індустрыю забаў.

У красавіку BTS адправіцца ў вялікі сусветны тур. Гурт дасць 82 канцэрты ў больш чым 30 гарадах свету — ад Сінгапура і Токіа да Мюнхена і Лос-Анджэлеса.

Па прагнозах, тур можа прынесці каля 1 млрд даляраў, аднак улады Паўднёвай Карэі асабліва падкрэсліваюць, што ўклад BTS у развіццё краіны выходзіць далёка за межы эканамічнага складніка.

Музычны жанр K-pop узнік у Паўднёвай Карэі. Ён спалучае ў сабе розныя стылі — электрапоп, хіп-хоп, рытм-н-блюз — і вырас у цэлую субкультуру.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула