«Вы ведаеце, што большасць беларусаў лічаць вас нікчэмнымі халуямі?»
БРСМ папрасіў падзяліцца стэрэатыпамі пра арганізацыю — і атрымаў шквал негатыву.
«Мы ведаем, што такое ёсць. Раскажы пра стэрэатыпы пра нашу арганізацыю, а мы іх абвергнем або пацвердзім», — з такой ініцыятывай выступіла Мінская гарадская арганізацыя БРСМ у сваім трэдсе.
Самым папулярным стала пытанне аб тым, куды ідуць грошы, сабраныя ў якасці ўнёскаў.
Другой па папулярнасці стала заўвага аб тым, што «на месцах у арганізацыю заганяюць».
Чытачы таксама цікавяцца самім сэнсам існавання арганізацыі:
«Навошта вы існуеце? Які сэнс?»
«А стэрэатып адзін — вы непатрэбныя».
Карыстальнікі таксама пацікавіліся, калі БРСМ пачне размаўляць на беларускай мове:
«Мы добра ведаем родную мову і можам на ёй размаўляць! А таксама мы добра ведаем Канстытуцыю, а паводле яе ў нас у краіне дзве дзяржаўныя мовы!» — адказалі рэдактары канала. Гэта быў адзіны адказ на беларускай мове. У астатніх выпадках на пытанні, зададзеныя па-беларуску, адказ даваўся на рускай.
«Ці ёсць унутры БРСМ прастора для крытыкі ўлады, і, калі ёсць, ці можаце прывесці прыклад, калі яна сапраўды паўплывала на рашэнне?» — пацікавілася Задзіночанне беларускіх студэнтаў. На што атрымала адказ:
«У БРСМ ёсць месца для канкрэтных спраў і самарэалізацыі, а проста пабалбатаць — гэта не пра нас! Але мы заўсёды гатовыя ўступіць з Вамі ў канструктыўную дыскусію!»
Прапанову правесці публічныя дэбаты па тэме актуальных праблем беларускай моладзі сталічны БРСМ праігнараваў.
У адказ на вострыя заўвагі БРСМ спрабаваў жартаваць. Так, у адказ на меркаванне: «Пра вас не стэрэатыпы, на вас кляймо. Не абвергнеце» — яны напісалі:
«Кляймуюць пародзістых жывёл. Мы сваіх адрозніваем па добрых справах, любові да Радзімы і фірмовай атрыбутыцы! Але і тыя, і тыя са знакам якасці!»
«Як справы ў арганізацыі, якая ўдзельнічала ў дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей?» — спытаўся яшчэ адзін беларус.
«У нас усё добра! У дзетак, якія да нас у санаторыі прыязджалі, таксама, ужо дома, а мы з імі ў кантакце!», — запэўніваюць яго.
«Як у вас выбары на кіруючыя пасады праходзяць? Ва ўніверах з прарэктарам-гэбістам узгадняеце?» — падшпіліў яшчэ адзін чытач.
«Шчыра і адкрыта! Як і любыя выбары ў нашай краіне», — адказвалі яму.
На заўвагу: «Прымусова ўсіх заганяюць. Хоць гэта і не стэрэатып», рэдактары канала адказалі: «Згодныя — гэта не стэрэатып! Гэта ФЭЙК!».
Такія адказы выклікалі яшчэ большае абурэнне: «Вы ведаеце, што большасць беларусаў лічыць вас нікчэмнымі халуямі і пагарджаюць? Як вы з гэтым жывяце? Як вы тлумачыце сваім родным дзецям мэту свайго існавання?» — пытаецца адзін з карыстальнікаў.
«Вы — лайдакі, якія нічога не робяць для моладзі», — дадае яшчэ адзін.
Чытайце таксама:
Беларусы расказалі, як іх падманулі ў БРСМ
«Толькі два чалавекі з класа не пайшлі ў піянеры». Бацькі — пра прапаганду ў школах