Міністр адказаў на чуткі пра скарачэнне дэкрэтнага адпачынку ў Беларусі
З 1 сакавіка па даручэнні Аляксандра Лукашэнкі ў кожным раёне Беларусі адкрылі як мінімум адну ясельную групу. Пасля гэтага ў грамадстве пачаліся асцярогі, што наступным крокам будзе скарачэнне дэкрэтнага адпачынку.
Фота «Гомельскай праўды».
Міністр адукацыі Андрэй Іванец, выступаючы ў Фаніпалі, заявіў, што такія чуткі беспадстаўныя. А стварэнне новых ясельных груп чыноўнік патлумачыў клопатам пра жанчын.
«Мы разумеем: мамы павінны мець магчымасць не толькі выйсці на працу, хаця гэта таксама важна, але таксама вылучыць час на сябе», — цытуе міністра выданне fanipol.by.
Па словах Іванца, новыя групы ў садках ствараюцца менавіта як дадатковая опцыя, каб у бацькоў было больш часу на працу і адпачынак.