Пуцін канстатаваў пачатак спаду расійскай эканомікі
Дынаміка асноўных макрапаказчыкаў расійскай эканомікі ў пачатку 2026 года стала адмоўнай, заявіў прэзідэнт Уладзімір Пуцін на нарадзе аб эканамічных пытаннях 23 сакавіка, паведамляе The Moscow Times.
Уладзімір Пуцін. Фота: Sefa Karacan/Anadolu via Getty Images
Паводле даных Расстата, валавы ўнутраны прадукт у студзені быў на 2,1% ніжэйшы за ўзровень мінулага года, а прамысловасць скарацілася на 0,8%.
Пуцін адзначыў, што нічога нечаканага тут няма і падкрэсліў неабходнасць вярнуць эканоміку на шлях устойлівага росту, не дапускаючы высокай інфляцыі і дэстабілізацыі рынку працы.
Федэральны бюджэт Расіі ў студзені—лютым зазнаў дэфіцыт на 3,5 трыльёна рублёў (42,7 мільярда даляраў) з-за зніжэння агульных даходаў. Прэзідэнт заклікаў прымаць узважаныя меры для забеспячэння доўгатэрміновай устойлівасці бюджэту, бо яго стан — важная ўмова для эканамічнага росту.
Паводле афіцыйнай статыстыкі, спад ВУП у студзені стаў першым з 2023 года. Рост эканомікі ў 2025 годзе замарудзіўся да 1%, што амаль у пяць разоў ніжэй за папярэдні тэмп і ўдвая менш за прагнозы ўрада. З 28 асноўных галін прамысловасці ў мінусе аказаліся 21: здабыча карысных выкапняў скарацілася на 1,6%, металургія — на 2,1%, вытворчасць адзення і абутку — на 3,5%, упершыню за 15 гадоў упала вытворчасць прадуктаў харчавання на 0,5%.
На 2026 год урад першапачаткова прагназаваў рост больш як на 2%, потым знізіў да 1,3%, але нават гэты паказчык можа быць занадта аптымістычным. Мінэканамразвіцця разглядае магчымасць зніжэння росту да 0,7% і падрыхтоўку секвестра бюджэту са скарачэннем усіх выдаткаў на 10%, акрамя вайны і сацыялкі.
Эксперты адзначаюць, што эканамічнае запаволенне прывядзе да недахопу неабавязковых даходаў бюджэту, нягледзячы на падатковую рэформу. Па іх падліках, дзяржава можа не атрымаць каля 500 мільярдаў рублёў з ПДВ і 100—200 млрд з падатку на прыбытак, а дэфіцыт замест планаванага скарачэння можа вырасці да 8 трлн рублёў.
Чытайце таксама:
Разведка ЗША: Пуцін упэўнены, што перамагае ва Украіне і можа ваяваць з НАТА
Успрыманне Трампа Масквой змянілася, загаварылі пра вераломства і ненадзейнасць
У Крамлі заявілі пра страту інструментаў для прапаганды за мяжой пасля блакіроўкі Telegram