У Пінску прадаюць кватэру Аляксея Пацко — былога суддзі, які адмовіўся судзіць пратэстоўцаў
Кватэра з іпатэкай, таму фармальна яна належыць банку — але яе ўсё адно прадаюць.
Аляксей Пацко
У Пінску прадаюць кватэру суддзі, які ў 2020 годзе адмовіўся судзіць удзельнікаў пратэстаў, звольніўся з працы і выехаў за мяжу. Пацко пацвердзіў «Нашай Ніве», што гаворка менавіта пра яго нерухомасць.
Двухпакаёўка плошчай 60 квадратных метраў прадаецца на дзяржаўным аўкцыёне. Жыллё знаходзіцца пад арыштам: адкрытая выканаўчая вытворчасць, ёсць забарона на рэгістрацыйныя дзеянні. Аўкцыён прызначаны на 7 красавіка.
Аляксей пацвердзіў «Нашай Ніве», што кватэра, якую прадаюць, сапраўды належыць яму. Мужчына кажа, што не атрымліваў ніякіх дакументаў наконт продажу кватэры і таму не ведае дэталі, як кватэра апынулася на аўкцыёне.
Нерухомасць набытая з дапамогай ільготнага крэдыту, таму фармальна яе ўласнікам лічыцца банк. Аляксей Пацко кажа, што спраўна выплачвае крэдыт на кватэру, аднак прызнае, што на той кватэры можа быць невялікая запазычанасць па камуналцы.
Аляксей Пацко працаваў у судзе Пінскага раёна і Пінска. Пасля падзей 2020 года ён стаў адным з нямногіх суддзяў, хто адмовіўся разглядаць адміністрацыйныя справы супраць пратэстоўцаў і выносіць суткі. Пасля гэтага яго адхілілі ад працы, а пасля звольнілі. Калі ж у 2021 годзе былы суддзя сутыкнуўся з пераследам сілавікоў і завядзеннем крымінальнай справы, то разам з сям’ёй выехаў з Беларусі.
Чытайце таксама:
На Дзень Волі ў Беларусі часткова абмяжуюць інтэрнэт
Як Ксюша з СМА апынулася ў Доме дзіцяці пры жывой маме? Вось што кажа сама маці