Полацкі бізнэсмен Захараў, на якога завялі завочную крыміналку, вярнуўся ў Беларусь і атрымаў 5 гадоў калоніі
У яго і палітычныя, і эканамічныя абвінавачванні.
Уладзімір Захараў. Фота: forum.gipsyteam.ru
Прысуд 5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму вынесены Уладзіміру Захараву 28 лютага 2025 года. Судзілі яго па двух артыкулах:
- арт. 243 Крымінальнага кодэкса — ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў;
- арт. 369‑1 Крымінальнага кодэкса — дыскрэдытацыя Беларусі.
Уладзімір Захараў у лепшыя свае часы быў багатым бізнэсменам, валодаў вялікай колькасцю нерухомасці ў Полацку і Наваполацку. Але ў 2023 годзе, як паведамлялася ў дзяржаўных СМІ, у дачыненні да яго былі заведзеныя тры крымінальныя справы, а на маёмасць накладзены арышт, у тым ліку на 68 аб'ектаў нерухомасці, 23 з якіх з'яўляюцца гандлёвымі цэнтрамі.
Прэтэнзіі да Захарава ўзнікалі адносна драбнення бізнэсу, сам ён, не чакаючы арышту, з'ехаў з Беларусі.
З-за мяжы бізнесмен разгарнуў сапраўдную барацьбу за свае немалыя актывы. Спрабуючы дамовіцца ён пісаў лісты тагачаснаму прэм'еру Раману Галоўчанку, кіраўніку КДБ Івану Церцелю, старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай і іншым.
У іх ён называў апазіцыю «жопазіцыяй» і запэўніваў, што яго «пазіцыя па пытаннях гісторыі і сучаснай праблематыкі (тэмы Украіны)» поўнасцю супадае з пазіцыяй дзейнай улады ў Беларусі. Асобныя з гэтых лістоў мы публікавалі.
Выглядае, што Захараву дамовіцца не ўдалося. Вясной бізнэсмена запрашалі вярнуцца ў Беларусь і прыйсці ва Упраўленне Следчага камітэта па Віцебскай вобласці. Выглядае, што гэтым запрашэннем ён скарыстаўся.
28 лютага 2025 года яму быў вынесены прысуд, а 24 снежня Захараў быў унесены ў пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці.