БЕЛ Ł РУС

«Гэта стала адным з найлепшых рашэнняў». Расіянка, якая год таму пераехала з Масквы ў Мінск, падзялілася сваімі ўражаннямі

27.03.2026 / 10:00

Nashaniva.com

«Інтэрнэт тут працуе стабільна і паўсюль, працуюць усе сацсеткі і дадаткі, якія забароненыя ў Расіі».

Фота: скрыншоты з відэа

Пяць плюсаў жыцця ў Мінску

Анастасія год таму пераехала жыць з Масквы ў Мінск. У сваім блогу ў інстаграме яна расказвае пра плюсы, якія заўважыла.

Першае — гэта кошт жыцця.

«За арэнду жытла, за прадукты і нават за кубачак кавы вы будзеце плаціць тут нашмат менш», — кажа яна і прыводзіць прыклады з цэнамі на малочку, якая, па яе словах, у Мінску ў паўтара разу таннейшая, чым у Маскве.

Наступнай перавагай дзяўчына называе інтэрнэт.

«Апроч таго, што сам інтэрнэт тут працуе стабільна і паўсюль, тут працуюць усе сацсеткі і дадаткі, якія забароненыя ў Расіі».

Для Анастасіі гэта важна, бо яна працуе аддалена.

Трэцяе — у Беларусі засталося больш заходніх брэндаў, які сышлі з Расіі пасля пачатку поўнамаштабнай вайны.

«Zara, Bershka, Pull&Bear — усё гэта тут засталося, а на паліцах у краме вы можаце адшукаць Cola або іншыя прадукты, якія вы любілі, але, на жаль, якіх цяпер няма ў Расіі».

Чацвёртым плюсам Анастасія называе хуткасць. У Маскве на тое, каб дабрацца да сяброўкі, якая жыла за 10 км ад яе, сыходзіла 40 хвілін. У Мінску ж яна ўкладаецца за 20 хвілін, каб праехаць з аднаго пункта ў іншы.

«І ты гэта дужа адчувальна, бачыш, што часу для жыцця застаецца нашмат больш».

Пятай перавагай Мінска над Масквой яна адзначае больш спагадлівых і добрых людзей.

«Але я таксама звязваю гэта з тэмпам жыцця, бо калі табе не трэба нікуды бегчы і спяшацца, то ў цябе застаецца час, каб пасміхацца сабе і асяроддзю, ад чаго свет становіцца больш пазітыўным і добрым», — лічыць дзяўчына.

Пра што спрачаюцца ў каментарах

У каментарах пад відэа завязалася даволі гарачая дыскусія. Многія заўважаюць, што жыць у Мінску танна, толькі калі пералічваць на маскоўскую зарплату.

Таксама шмат хто звярнуў увагу на тое, што дзяўчына працуе аддалена.

«Калі вы працуеце аддалена, то так, у Беларусі добра. Але калі захочаце знайсці там высокааплатную працу, то гэта будзе складана», — напісала адна з каментатарак.

«Калі вы працуеце дыстанцыйна, то так, там жыць камфортна, але я ў сябе на радзіме засынаю. Там усё павольна, хочацца паскорыць», — напісала беларуска, якая, наадварот, пераехала ў Расію.

Таксама ў каментарах хапае пытанняў, як атрымаць ДНЖ у Беларусі і ці не складана расіяніну там працаўладкавацца.

Наконт атрымання ДНЖ многія пішуць, што гэта даволі складаная працэдура. Што да тэрмінаў атрымання, то самыя хуткія вынікі — гэта 1,5—2 месяцы, але ў іншых сыходзіць па 3—4 месяцы.

Некаторыя жартуюць, што хопіць ужо рэкламаваць Мінск расіянам, бо ён не гумовы.

Адзін з каментатараў напісаў, што, падобна, беларусы хутка ўзненавідзяць Пуціна за адключэнне інтэрнэту ў Расіі мацней, чым самі расіяне.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула