Пальчыс пра Латыпава: Ён у вельмі дрэнным стане, суіцыдальныя думкі, 1,5 года адзіночкі
Днямі стала вядома, што палітзняволены арбарыст Сцяпан Латыпаў трэці раз спрабаваў здзейсніць суіцыд у турме. Мужчына нібы казаў, што не бачыць сэнсу жыцця і не вытрымае яшчэ аднаго тэрміну ў турэмным рэжыме.
Блогер і былы палітвязень Эдуард Пальчыс расказаў, як перасякаўся з Латыпавым за кратамі.
«Я бачыўся з ім толькі аднойчы — у верасні 2024‑га на этапе, хвілін 5.
Ён у вельмі дрэнным стане: суіцыдальныя думкі, 1,5 года адзіночкі. Яму не давалі ўсю баланду, у яго нават пачалася цынга, пакуль фельчар не заўважыў.
Пры гэтым памілаванне ён пісаў, па яго словах», — напісаў Пальчыс у X.
Сцяпан Латыпаў у 2020‑м раздаваў кветкі жанчынам на акцыі салідарнасці. Яго затрымалі ў верасні 2020 года каля ягонага дома на «Плошчы Перамен». 16 жніўня 2021 года палітвязня асудзілі за ўдзел у акцыях пратэсту (ч. 1 і 2 арт. 342 КК), «супраціў міліцыянтам» (ч. 2 арт. 363 КК) і «махлярства, здзейсненае ў асабліва буйным памеры» (ч. 4 арт. 209 КК) на восем гадоў і шэсць месяцаў зняволення ва ўмовах строгага рэжыму.