Вынеслі прысуд Паліне Зыль — блогерцы, якая стала нулявым пацыентам справы Гаюна, бо ў яе знайшлі тую самую спасылку ад Матолькі
Дзяўчына сама стала ахвярай — спачатку пасадзілі за пратэсты, а цяпер дасудзілі яшчэ і за Гаюна.
Паліна Зыль на Жаночым маршы. За ўдзел у пратэстах яна трапіла на суткі ў верасні 2020 года, а пасля яшчэ і здабыла крымінальную справу. Фота: funkemedien.de
У канцы сакавіка 2026 года вынеслі прысуд 33‑гадовай Паліне Зыль. За ўдзел у «экстрэмісцкім фармаванні» ёй далі тры гады калоніі.
Аднак пакуль невядома, які канчатковы тэрмін атрымала дзяўчына. Рэч у тым, што раней ёй ужо давалі год калоніі за ўдзел у пратэстах, але па сутнасці яна адбыла тое пакаранне.
Адміністратар Гаюна ў Беларусі
Паліна Зыль. Фота: Укантакце
Воляй лёсу менавіта праз затрыманне Паліны закруцілася справа Гаюна — якая прывяла да арыштаў сотняў беларусаў.
Пасля арышту Зыль сілавікі атрымалі доступ да бота, куды дасылалі звесткі інфарматары маніторынгавага OSINT-праекта «Беларускі Гаюн». Ініцыятыва была створана ў 2022 годзе, калі Расія напала на Украіну. Праект адсочваў ваенную актыўнасць расійскіх і беларускіх войскаў, абапіраючыся на інфармацыю ад беларусаў. Каардынавала яго дзейнасць група актывістаў на чале з Антонам Матолькам.
Антон Матолька
Як вынікае са скрыншотаў перапісак, якія ў мінулым годзе публікавалі прапагандысты, актывістка «Еўрапейскай Беларусі» Паліна Зыль была адным з адміністратараў праекта. Хутчэй за ўсё, адзіным адміністратарам, хто знаходзіўся на тэрыторыі Беларусі.
«Ну гэта небяспечна ўсё. Я і так вельмі рызыкую тым, што чалавек, у якога доступ да бота — з Беларусі. Гэта парушэнне ўсіх магчымых правіл», — пісаў акаўнт, пазначаны як Антон Матолька.
«Я то змыюся, таму норм», — супакойваў яго акаўнт Паліны Зыль.
«Калі?» — адразу перапытваў Матолька.
«Можа, мне ў Літву з’ехаць?» — разважала ў адказ Паліна.
Што было ў далейшай перапісцы, невядома, аднак у выніку Зыль засталася ў Беларусі.
Незразумела, ці яна па-ранейшаму заставалася адміністратаркай «Беларускага Гаюна» — цалкам магчыма, што ўрэшце яна адышла ад праекта, калі цалкам залягла на дно, асцерагаючыся арышту за ўдзел у пратэстах.
Халатнасць, якая прывяла да катастрофы
Фатальная тэхнічная памылка была ў тым, што спасылка з правамі на ўваход у бот Гаюна, якую ёй некалі — відаць, яшчэ ў 2022 годзе — даслалі, была бестэрміновая. Наўрад ці пра гэта ведала Зыль, наўрад ці пра гэта памятаў Матолька, але тым не менш па ёй і ў 2025 годзе можна было зайсці ў бот і атрымаць доступ да ўсёй інфармацыі.
Так урэшце і адбылося. Калі ў лютым 2025 года сілавікі затрымалі Паліну і атрымалі доступ да яе мабільніка, то змаглі падключыцца да бота і выпампаваць адтуль усю інфармацыю. Яны атрымалі паведамленні акаўнтаў, якія пісалі ў бот, а таксама іхнія ID і імёны карыстальнікаў.
Калі адміністратары Гаюна заўважылі падазроную актыўнасць, было ўжо позна. У сілавікоў на руках засталася ўся патрэбная ім інфармацыя, каб пачаць адну з самых шырокаштабных рэпрэсіўных аперацый у гісторыі Беларусі.
Дзве версіі затрымання
Паліна Зыль. Фота: Укантакце
Чаму ж увогуле сілавікі прыйшлі да Паліны? Ёсць дзве версіі наконт таго, як развіваліся падзеі. Аднак яны абедзве сыходзяцца ў тым, што на момант затрымання сілавікі не ведалі пра яе датычнасць да Гаюна.
Першы варыянт «Наша Ніва» ўжо падрабязна апісвала.
Летам 2024 года арыштавалі работніка Мазырскага НПЗ Ігара Шуканава — за ўдзел у пратэстах і «паклёп» на Лукашэнку. Яго сын Максім быў бойфрэндам Паліны.
Ігар Шуканаў на відэа сілавікоў
Максім — даволі папулярны блогер, вёў каналы пад нікам Union Bell. Разам з Палінай яны хаваліся па здымных кватэрах, бо дапускалі, што могуць быць у вышуку за ўдзел у пратэстах. Аднак не хацелі пакідаць Радзіму.
Паводле першай версіі, Максіма Шуканава і Паліну Зыль арыштавалі ў бальніцы, куды яны былі вымушаныя звярнуцца праз праблемы са здароўем у хлопца, якія пагоршалі на фоне перажыванняў за арышт бацькі.
Калі ж чалавек, які знаходзіцца ў вышуку, звяртаецца з пашпартам па медыцынскую дапамогу, міліцыя атрымлівае пра гэта сігнал. Так Максім і Паліна і трапілі ў рукі сілавікоў.
Максім Шуканаў. Скрыншот: UnionBell/Youtube
Аднак суседзям па камеры Максім Шуканаў расказваў іншыя абставіны. Па яго словах, іх з Палінай затрымалі каля аднаго з мінскіх гандлёвых цэнтраў — маўляў, падышлі і закінулі ў нейкі джып.
Магчыма, іх твары былі ідэнтыфікаваныя праз сістэму распазнавання твараў.
Максіму і Паліне спачатку проста паказалі здымкі з пратэстаў 2020‑га — за ўдзел у маршах караюць крымінальнай справай, але пакаранне не такое вялікае, як па іншых артыкулах. Аднак праз некалькі дзён да маладзёнаў узніклі дадатковыя пытанні.
Максім расказваў, што да яго ўжо пасля затрымання зноў прыехалі сілавікі, некуды адвялі, пачалі збіваць, дапытваць, пыталіся нейкія імёны. Магчыма, гаворка якраз пра тое, што ўдалося ўскрыць мабільнікі пары і знайсці тую самую запрашальную спасылку ў бот Гаюна.
Аднак і пры першым, і пры другім варыянце атрымліваецца, што сілавікі даведаліся пра датычнасць маладзёнаў да Гаюна выпадкова — ужо пасля затрымання.
Што было далей?
На Максіма Шуканава завялі некалькі крымінальных спраў — за ўдзел у пратэстах, за ўдзел у «экстрэмісцкім фармаванні» і за садзейнічанне «экстрэмісцкай дзейнасці». Хлопцу прысудзілі 4 гады калоніі.
На Паліну Зыль спачатку завялі толькі справу за ўдзел у пратэстах — можа, каб не паспелі прайсці тэрміны даўніны, хоць гэта прынцыпова не мяняла б сітуацыю. Па ёй дзяўчыне прысудзілі 1 год калоніі. Але пасля пакінулі ў СІЗА па новым абвінавачванні — цяпер ужо за ўдзел у «экстрэмісцкім фармаванні». І ўрэшце, як было сказана вышэй, прысудзілі яшчэ 3 гады калоніі.
Паліна Зыль. Фота: Укантакце
Як толькі стала вядома пра ўзлом Гаюна, Антон Матолька абвясціў аб закрыцці праекту. Менавіта гэтага патрабавалі ад яго каналы сілавікоў і прапагандыстаў, «абяцаючы» ўзамен больш лагоднае пакаранне для затрыманых інфарматараў Гаюна. Таксама Матолька цалкам спыніў усю публічную актыўнасць і максімальна стараўся не прыцягваць увагу да сваёй асобы. Гэта не выратавала яго ад знішчальнай крытыкі за халатнасць.
Суды па Гаюну працягваюцца дагэтуль. Большасці з арыштантаў прысуджаюць хатнюю хімію і адпускаюць дадому — некаторыя нават ужо паспелі трапіць пад памілаванне, — аднак як мінімум дзясяткі чалавек па-ранейшаму застаюцца за кратамі.