Якая логіка судоў за Гаюн? Мужчына, якога затрымлівалі па гэтай справе, апісаў убачанае
«Наша Ніва» пагутарыла з Кірылам, які нядаўна выехаў з Беларусі з дапамогай «Байсола». Хлопец расказаў пра тое, як адправіў здымкі ў бот Гаюна і забыўся на гэта, як ледзь не выйшаў пад заклад і збег з Беларусі, каб не пакінуць цяжка хворую жонку.

«Ніколі раней не бачыў так шмат вайсковай тэхнікі»
Кірылу 31 год, ён родам з Маладзечна. Апошнія некалькі гадоў хлопец працаваў на тамтэйшым водаканале, а паралельна набіраў падпрацоўкі ў розных сферах — будоўля, рамонт, аўтамабілі і нават трохі прамысловы альпінізм.
У 2020‑м Кірыл трапіў пад увагу сілавікоў праз бел-чырвона-белы сцяг на яго машыне: абышлося без пакарання, але давялося паўдзельнічаць у пары прафілактычных гутарак. Тым не менш да пачатку вайны ён не адчуваў на сабе вялікага ціску.
Ён успамінае, як і чаму даслаў у бот праекта «Беларускі Гаюн» тыя самыя здымкі, праз якія пазней трапіў пад крыміналку:
«Памятаю, як ехаў па трасе з боку Мінска ў Маладзечна і пабачыў вельмі шмат вайсковай тэхнікі, ніколі раней так шмат не бачыў. Усякае бывала, тым больш у Маладзечне ёсць вайсковая частка, але каб цягам некалькіх кіламетраў ехала тэхніка — гэта нешта новае.
Мяне гэта вельмі збянтэжыла, дык я зрабіў фота і адправіў у бот Гаюна. Недзе праз дзень, калі ехаў у іншы бок, зноў заўважыў шмат тэхнікі, таксама зняў і адправіў».
Кірыл тлумачыць, што сілавікі лічаць за адзін эпізод у крыміналцы ўсе паведамленні, адпраўленыя цягам сутак, і не важна, колькі іх было. Хлопец перапісваўся з ботам Гаюна два дні, то-бок у ягонай справе два эпізоды.

У яго было 37 паведамленняў — здымкі і адказы на ўдакладняльныя пытанні. У канцы чалавек, які адказваў Кірылу ў боце, нагадаў, што трэба пачысціць тэлефон ад слядоў перапіскі.
Кірыл кажа, што вялікай рызыкі ў гэтым не адчуў:
«Гэта не заняла ў мяне і пяці хвілін жыцця — пабачыў, адправіў і выдаліў у сябе сляды. Не было адчування, што я зрабіў нешта дрэннае. Ды і з цягам часу страчвалася адчуванне, што я ўвогуле магу на нешта паўплываць».
Больш ён у чат-бот не пісаў і ўвогуле забыўся, што адпраўляў тыя здымкі, тым больш што не быў падпісаны на Гаюн.
«Мяне пасля затрымання моцна не тузалі, толькі два разы ўдарылі»
Калі ў пачатку 2025‑га ўзламалі бот Гаюна, Кірыл чытаў пра гэта. Але ў хлопца было адчуванне, што калі ўсе даныя выдаленыя з тэлефона, то і небяспекі для яго няма.
Праўда, калі даведаўся пра ўзлом, вырашыў на ўсякі выпадак выдаліць адзін са сваіх тэлеграм-акаўнтаў, але гэта яму нічым не дапамагло, бо ў сілавікоў ужо была ўся інфармацыя.
6 мая 2025 года па яго прыйшлі:
«Калі мяне затрымлівалі, першыя хвілін дзесяць я проста не разумеў, што адбываецца. Схапілі, павалілі на зямлю, паднялі, завалаклі ў бус, потым паднялі ў кватэру, дзе мяне чакала жонка. Калі жонка спытала ў губазаўцаў, за што, нехта з іх спытаў — маўляў, у Гаюн пісаў? І нават тады я не мог успомніць.
Мяне пасля затрымання моцна не тузалі, толькі два разы ўдарылі. Ведаючы, як затрымлівалі іншых людзей, можна сказаць, што мяне прынялі вельмі мякка».
Ніякіх слядоў бота ў тэлефоне Кірыла не знайшлі. Адправілі на экспертызу некаторыя яго каментары з 2020 года, але эксперты не пабачылі ў іх нічога злачыннага. Хлопец думаў, што на яго нічога няма, але даведаўся: сілавікі маюць доступ да перапісак з таго боку, і ўсе перапіскі з таго боку былі захаваныя.

Маладзечанец згадвае, як яго ледзь не выпусцілі.
«Выклікаюць мяне на допыт у ІЧУ, а там блізка знаходзяцца два кабінеты. Мяне заводзяць у кабінет справа, а ў іншым кабінеце ўжо сядзіць на допыце нейкі чалавек са следчым. І вось мой следчы мне кажа — маўляў, вас выпускаюць пад заклад, 10 тысяч еўра. Я яшчэ падумаў, як гэта мае блізкія так хутка сабралі такія грошы.
Ён дастае паперы, я пачынаю іх падпісваць, усцешыўся. Заходзіць мой адвакат, усё пацвярджае, кажа, што жонка мяне ўжо чакае. І тут прыходзіць следчы Тажун, які займаецца гэтай справай, і паказвае пальцам: маўляў, таго, хто ў суседнім кабінеце, выпускаем, а вось гэтага — і паказвае на мяне — не выпускаем», — расказвае суразмоўца.
Яго следчы сам здзівіўся: чамусьці загадалі выпусціць чалавека, у якога было больш паведамленняў у бот, але яго, Кірыла, пакінулі за кратамі.
За некалькі месяцаў да суда хлопец пабачыў знутры жодзінскую турму і мінскае СІЗА №1 — у Жодзіна ён апынуўся, бо яго справу перанакіравалі з Мінска ў маладзечанскі Следчы камітэт. Ён расказвае, што бачыў там шмат іншых абвінавачаных па справе Гаюна.
У матэрыялах сваёй крыміналкі хлопец пабачыў цікавы скрыншот, дзе трохі даведаўся пра маштабы справы Гаюна:
«Там пісалі, што агульная колькасць паведамленняў налічвала дзясяткі тысяч. Органы падзялялі тых, хто пісаў, па колькасці паведамленняў: умоўна, тыя, хто пісаў да 500, да 1000 паведамленняў і больш за 1000. Праз гэта яны вызначалі, каго затрымліваць».
«Проста ўсе наплявалі. Гэта і падштурхнула выехаць»
Кірыл летам 2025‑га быў у адной камеры з палітвязнем Максімам Шуканавым — мазырскім блогерам, які таксама праходзіў па справе Гаюна. У 2025‑м Шуканаў быў асуджаны на чатыры гады ў калоніі, з ім была арыштаваная і ягоная дзяўчына Паліна Зыль.
Шуканаў пакінуў добрае ўражанне:
«У Максіма з дзяцінства эпілепсія. Правільны, прыемны хлопец, з ім можна было пагаварыць, свабодна валодаў англійскай. Ён да суда не ведаў, што з Палінай адбываецца.

Ён ужо чатыры месяцы быў за кратамі па артыкуле 342 за ўдзел у пратэстах, але казаў, што можа праходзіць і па артыкуле 361-4. Тыя, хто быў па артыкуле 342, звычайна хутка адстрэльваліся — ад затрымання ад суда праходзіла да трох месяцаў, а тут Максім сядзеў ужо чатыры месяцы. Таму ў яго было падазрэнне, што нешта не так».
Шуканаў расказваў сукамернікам, нібыта яго і Паліну затрымалі ля аднаго з мінскіх гандлёвых цэнтраў — маўляў, падышлі і вывезлі на нейкім джыпе. Паказалі яму з дзяўчынай фоты з пратэстаў 2020-га. А праз пару дзён расказаў і пра катаванні:
«Кажа, што да яго прыехалі, некуды адвялі, пачалі збіваць, дапытваць, пыталіся нейкія імёны. Ён ім казаў, што нічога не ведае — маўляў, што вы ад мяне хочаце, у мяне эпілепсія, я хворы чалавек».
Кірыл успамінае, што быў сведкам, як у Шуканава здарыўся ў камеры моцны прыступ эпілепсіі. На волі ў Максіма прыступы былі не часцей чым раз на год, а за чатыры месяцы за кратамі такіх прыступаў было два.
У кастрычніку 2025 года Кірыл атрымаў свой прысуд — 4 гады хіміі з накіраваннем. Судзілі яго па артыкуле 361-4.
Хлопец параўноўвае свой прысуд з прысудамі іншых гаюнаўцаў. У яго 37 паведамленняў, адпраўленых у бот, і два эпізоды — але ж багата іншых гаюнаўцаў атрымлівалі хатнюю хімію, то-бок меншае пакаранне, і за большую колькасць эпізодаў:
«Мінімальнае пакаранне па другой частцы артыкула 361-4 — гэта таксама хатняя хімія. То-бок у мяне толькі на адзін эпізод больш, чым у тых, каго судзілі па першай частцы, бо другая частка — гэта пра паўторнасць дзеяння.
Але былі суды, дзе ў людзей было па 7‑8 эпізодаў, ці дзе быў яшчэ адзін артыкул, напрыклад, абраза Лукашэнкі. І большасць такіх людзей адпраўлялі на хатнюю хімію. Мне ж далі ажно чатыры гады хіміі з накіраваннем».

Вынік суда быў важны для Кірыла яшчэ і праз тое, што ў яго жонкі складаны дыягназ — рассеяны склероз.
«Гэта такая брыдкая хвароба, якая можа ўзмацніцца проста праз стрэс. Яшчэ да суда я пісаў суддзі ліст пра гэта, мы давалі ўсе дакументы, жонка звярталася, каб далі прысуд мякчэйшы і мяне пакінулі дома, мы звярталіся па апеляцыю. Але нічога не паўплывала», — расказвае хлопец.
Рэч была і ў тым, што жонцы Кірыла трэба штодзённая дапамога ў сувязі з яе хваробай. Каб падтрымліваць свой стан, кожныя паўгода жанчыне трэба рабіць дарагія кропельніцы — адна кропельніца каштуе каля тысячы даляраў. Калі б Кірыла адправілі на хімію з накіраваннем, наўрад ці ён мог бы фінансава падтрымаць жонку ў гэтым, бо шмат зарабіць на той хіміі немагчыма.
Паразумення, аднак, яны не знайшлі:
«Суддзя Вярхоўнага суда сказаў — маўляў, пакажыце дакументы, што вашай жонцы патрэбная дапамога. Мы далі дакументы пра яе дыягназ, пра тое, што яна інвалід трэцяй групы. Так зразумеў, яны хацелі, каб на паперы было дакладна напісана, у чым канкрэтна трэба дапамога, што я мушу хадзіць з ёй за руку».
У студзені 2026‑га стала вядома, што апеляцыю на прысуд не задаволілі. Тады Кірыл з жонкай вырашылі напісаць Лукашэнку просьбу аб памілаванні. Хлопец кажа, што па правілах такія прашэнні трэба падаваць у месцах зняволення праз адміністрацыю ўстановы, то-бок гэтае правіла яны не выканалі. Але яны вырашылі паспрабаваць.
Жонка Кірыла напісала ў дадатак да прашэння ліст ад сябе — маўляў, цяпер жа Год беларускай жанчыны! Тым больш у выключных выпадках такія прашэнні сапраўды можна падаваць не з месцаў зняволення — у Рамана Пратасевіча атрымалася ж. Але пары прыйшоў адказ, што якраз праз тое, адкуль яны падавалі прашэнне, ім яго і не задаволяць.
Кірыл пагутарыў са знаёмай, якая некалькі гадоў знаходзіцца ў эміграцыі, і прыйшоў да высновы — трэба выязджаць. Выехаць атрымалася з дапамогай службы эвакуацыі «Байсола».
Ён удакладняе, што калі б яму нават далі хатнюю хімію, ён бы застаўся ў краіне і быў дома ля хворай жонкі:
«Проста ўсе наплявалі — першая інстанцыя, Вярхоўны суд, ДВП [Дэпартамент выканання пакаранняў] МУС і Адміністрацыя Лукашэнкі. Гэта і падштурхнула з’ехаць».
Кірыл успамінае, што калі ён за кратамі зразумеў абставіны ўзлому Гаюна, быў шакаваны:
«Але я такі чалавек, што не надта злаваўся, проста што ёсць, тое і ёсць. Няма сэнсу абмяркоўваць, што магло б быць, проста з гэтага ўсяго ўсім трэба зрабіць вялікія высновы.
Вельмі спадзяюся, што дэмакратычныя сілы, якія раней збіралі шмат даных ад людзей накшталт таго ж «Плана «Перамога», моцна паклапацяцца пра бяспеку людзей, якія ім пісалі. Людзі там знаходзяцца пад вялікай рызыкай, і не дай Бог, каб зноў здарыўся нейкі зліў даных. І кожны для сябе павінен зрабіць высновы, тым больш калі ён знаходзіцца ў Беларусі».
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары
Поразительно наивные люди, беларусы. Спрашивал у них "Ты готов пожертвовать своей свободой и/или жизнью за то, чем занимаешься?", ответ был всегда типа "Да ты гонишь, мы вот-вот победим луку, не бухти". Зря сами себе не задавали этот вопрос.