БЕЛ Ł РУС

Мігранты прыдумалі ноу-хау для пераходу мяжы з Літвой. Праўда, яно ім не дапамагло ВІДЭА

27.03.2026 / 22:24

Nashaniva.com

25 сакавіка памежнікі не пусцілі ў Літву рэкордную сёлета колькасць мігрантаў — 29 чалавек, якія спрабавалі нелегальна трапіць у краіну з боку Беларусі. Раней максімум у гэтым годзе складаў 18 чалавек. Пры гэтым для таго, каб падмануць памежнікаў, мігранты распрацоўваюць новыя спосабы, паведамляе літоўская Служба аховы дзяржаўнай мяжы.

Фота: vsat.lrv.lt

На тэрыторыі Чапкельскага запаведніка ў Варэнскім раёне група з 10 чалавек зрабіла своеасаблівыя «шчыты» са спальных мяшкоў і арэхавых жэрдак і рухалася, хаваючыся пад імі. Праўда, гэтыя хітрыкі плёну не далі: мігрантаў усё адно зафіксавалі камеры назірання, пасля чаго памежнікі разам з кінолагамі хутка іх затрымалі.

Адзначаецца, што гэта тэрыторыя складаная для перасячэння — на ёй балоты і нестабільны грунт, таму там не рабілі фізічнай агароджы, але наладзілі сістэму відэаназірання. Мігранты, відаць, спрабавалі гэта ўлічыць і схавацца ад камер, але беспаспяхова.

Затрыманыя назваліся грамадзянамі Пакістана, Ірана і Афганістана, пры гэтым толькі чацвёра з іх мелі пашпарты. Пасля праверкі было вырашана не ўпускаць іх у Літву і вярнуць назад у Беларусь, папярэдне выдаўшы гуманітарную дапамогу.

У апошні час, як адзначаюць памежнікі, большасць мігрантаў — гэта маладыя і фізічна моцныя мужчыны, якія імкнуцца пазбягаць кантактаў з праваахоўнікамі. Іх галоўная мэта — не Літва, а далейшы шлях у Заходнюю Еўропу, найчасцей у Германію. Часам яны паводзяць сябе агрэсіўна і кідаюць у памежнікаў камяні або іншыя прадметы.

Беларусь выкарыстоўвае міграцыю як сродак ціску на суседнія краіны з 2021 года. У адказ Літва, Польшча і Латвія ўвялі палітыку «развароту» мігрантаў і ўзмацнілі ахову межаў. За гэты час ім удалося не дапусціць уезду амаль 202 тысяч чалавек, з іх каля 24,7 тысячы — у Літву.

Сёлета, аднак, паток мігрантаў пакуль не вельмі вялікі: у Літву з пачатку года спрабавалі трапіць 111 чалавек, у Латвію — 141, у Польшчу — 128. У параўнанні з ранейшымі гадамі гэта мізэр.

Чытайце таксама:

На мяжы Літвы з Беларуссю развярнулі 18 нелегальных мігрантаў

Мігранцкі крызіс, арганізаваны Лукашэнкам, — усё? Вось што паказваюць лічбы

Затрымалі іншаземца, які арганізоўваў нелегальную міграцыю пад прыкрыццём легальнага бізнэсу

Каментары да артыкула