Фядута: Мая павага да Змітра Дашкевіча павышалася тры разы. І цяпер — ізноў
Выйшаў новы выпуск праекта «ТОК» з былым палітвязнем і лідарам «Маладога фронту» Змітром Дашкевічам. Літаратуразнаўца і былы палітвязень Аляксандр Фядута з захапленнем адрэагаваў на гэту гутарку.
Паслухаў размову Насты Роўды са Змітром Дашкевічам.
Яшчэ раз атрымаў пацвярджэнне сваіх думак пра гэтага чалавека. Разумны, спакойны, моцны, упэўнены ў сваёй рацыі. Ніводнага экстрэмісцкага слова. Ніводнай пагрозы. І ніводнага слова хлусні.
Павага мая да Дашкевіча павышалася некалі разоў у жыцці.
Першы раз — пасля таго, як я даведаўся, што менавіта ён першым пачаў крычаць «Ганьба!» на плошчы, калі Лукашэнка ў дзень жалобы пасля трагедыі ў Беслане дэманстратыўна абвясціў рэферэндум, які дазволіў яму фактычна пажыццёвае ўладарства.
Другі раз — калі, вярнуўшыся пасля чарговай адсідкі, Зміцер, ужо бацька, пачаў замест таго, каб прасіць гранты і дапамогу, працаваць. Ці шмат мы ведаем так званых «прафесійных палітыкаў», хто ідзе працаваць, каб карміць сям'ю?
Трэці раз — пасля таго, як ён, у вольны ад працы час, пачаў збіраць подпісы за сцяг і арганізоўваць вахту ў Курапатах. Не на гранты, а ў вольны ад працы час.
І цяпер — ізноў.
І неяк так супала, што якраз у гэты час я скончыў чытаць цікавую і не зусім звычайную кнігу. «Свабода як біяграфія: Голас пакалення свабоды». Васямнаццаць інтэрв'ю з людзьмі, якія выкрышталізаваліся як мастакі і грамадскія дзеячы (не палітыкі!) напярэдадні і ў час гарбачоўскай перабудовы. Шмат каго з іх я ведаю асабіста. Але мы ніколі не размаўлялі пра тыя часы.
Вось калі ты як навуковец пачынаеш разумець, што «вусная гісторыя» — сапраўды гісторыя. Гісторыя людзей пачынае пераўтварацца ў гісторыю таго часу і старонку гісторыі тваёй краіны. Такая ж кніга была зроблена ў свой час пра старэйшую генерацыю — «Іншадумцы», якая ў свой час была нават узнагароджана Дзяржаўнай прэміяй Беларусі. Пасля была кніга пра Малады Фронт. Зараз Алесь Смалянчук пачаў збіраць інтэрв'ю з беларускімі гісторыкамі. Руслан Кулевіч зрабіў тры кнігі з людзьмі, чыё дзяцінства прайшло ў міжваеннай Гародні.
Неверагодна каштоўныя тэксты.
Зараз такія майстры сваёй справы, як Юры Дракахруст, нябожчык Мікіта Мелказёраў, з якім я, на жаль, не быў знаёмы, як Наста Роўда робяць гэтую ж справу. Справу для будучых гісторыкаў і біёграфаў.
Трэба рабіць такія рэчы.
Шкада, што мне не далі працягнуць альманах «Асоба і час». Бо быў бы раздзел, прысвечаны «Размовам з асобай і часам».