Сенсацыя дня — Італія прайграла Босніі ў серыі пенальці і не едзе на чэмпіянат свету па футболе
1:1 (4:1 па пенальці) на карысць балканцаў — і трэці запар чэмпіянат свету пройдзе без Італіі.
Матч праходзіў на стадыёне «Біліна Поле» ў баснійскай Зеніцы і спачатку складваўся на карысць гасцей.
На 15‑й хвіліне італьянец Мойзэ Кін адкрыў у матчы лік, і перавага зборнай Італіі захоўвалася амаль увесь асноўны час. Праўда, адно ў ліку, бо баснійцы актыўна атакавалі і толькі за першы тайм нанеслі па варотах італьянцаў ажно 13 удараў. А перад самым перапынкам Алясандра Бастоні падчас адной з небяспечных баснійскіх атак збіў Амара Меміча. Суддзя ацаніў гэты эпізод як «фол апошняй надзеі» і паказаў Бастоні чырвоную картку. Так што на другі тайм італьянцы выйшлі няпоўным складам, удзесяцёх.
Тым не менш, большую частку гэтага тайма ім удавалася захоўваць перавагу ў ліку. Толькі на 79‑й хвіліне Харыс Табакавіч забіў мяч у адказ і лік стаў нічыйным.
Больш галоў з гульні ў гэтым матчы не было, а ў серыі пенальці ўпэўнена (з лікам 4:1) перамаглі баснійцы.
Раней, на стадыі паўфіналу, зборная Босніі і Герцагавіны прайшла Уэльс (1:1, 4:2 па пенальці), а італьянская каманда перамагла Паўночную Ірландыю з лікам 2:0.
Такім чынам, Італія прапусціць трэці чэмпіянат свету запар. Раней яна не змагла прабіцца на чэмпіянат свету 2018 года ў Расіі, затым — на мундыяль-2022 у Катары.
Што да баснійцаў, то яны згуляюць на сваім другім чэмпіянаце свету ў гісторыі. Першым быў чэмпіянат свету 2014 года ў Бразіліі — акурат на ім, дарэчы, апошні раз брала ўдзел зборная Італіі.
Чэмпіянат свету 2026 года пройдзе з 11 чэрвеня па 19 ліпеня ў ЗША, Канадзе і Мексіцы. Упершыню ў гісторыі турнір прыме ажно 48 зборных (раней было 32).
Акрамя баснійцаў, сёння вызначыліся яшчэ тры ўдзельнікі чэмпіянату ад Еўропы. Імі сталі зборная Чэхіі, якая перамагла зборную Даніі (2:2 у асноўны час, 3:1 па пенальці), зборная Турцыі, якая адолела Косава з лікам 1:0, і зборная Швецыі, якая аказалася мацнейшай за палякаў з лікам 3:2.
Цяпер засталіся не разыгранымі ўсяго дзве пуцёўкі на чэмпіянат. Іх уладальнікі вызначацца ў матчах міжкантынентальнага плэй-оф Дэмакратычная Рэспубліка Конга — Ямайка і Ірак — Балівія. Абодва матчы пройдуць у ноч на 1 красавіка.
Чытайце таксама:
Вызначыліся ўдзельнікі фіналаў стыкавых матчаў адбору на чэмпіянат свету па футболе
Футбольная зборная Беларусі выйграла свой першы матч пад кіраўніцтвам Ганчарэнкі
Капітан зборнай Марока адмовіўся ад трафею Кубка Афрыкі паcля парады маці