БЕЛ Ł РУС

Пабывалі на прэм’еры «Купалаўцаў» пра даносчыкаў. Інтэлігенты ў гэтым спектаклі выклічуць у вас агіду

1.04.2026 / 13:55

Мара Бадзяк

Спектакль «Мінскае мора» зроблены на падставе даносаў у КДБ, якімі з грамадствам падзяліліся «Кіберпартызаны». Музыку да яго напісаў Лявон Вольскі.

Дзмітрый Есяневіч на рэпетыцыі спектаклю «Мінскае мора». Варшава, Польшча. 26 лютага 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

У 2024 годзе Кіберпартызаны апублічылі 40 тысяч зваротаў, дасланых у КДБ з верасня 2014 па жнівень 2023 года. Сярод гэтай масы быў і звычайны спам, і просьбы дапамагчы з пошукамі сваякоў. Але мелі месца і даносы.

«Наша Ніва» тады датэлефанавалася некаторым выкрытым стукачам, каб спытаць у іх, чым яны кіраваліся, часам даносячы на суседзяў, з якімі вітаюцца штодзень. Людзі апраўдваліся па-рознаму: частка з іх не бачыла нічога дрэннага ў сваіх учынках, бо «яны не даносілі, а паведамлялі пра злачынства». Пад злачынствам на ўвазе мелася, напрыклад, крытыка дзейнай улады на рынку ці артыкулы журналістаў Tut.by.

Так і героі спектакля «Купалаўцаў», калі іх «прыціскаюць да сцяны», пачынаюць шчабятаць: «Мы не даносілі! мы падавалі сігналы!» Ці: «Маленькае зло ў імя дабра апраўданае».

Сцэна са спектакля «Мінскае мора», прэм’ера, 31 сакавіка, Варшава, сцэна Przodownik

Драматург Ілля Пруднік, які і стварыў п’есу «Неабыякавыя» на падставе даносаў, закруціў гэты няпросты матэрыял у цікавую форму — уся прырода чалавечага патаемнага і чорнага разгортваецца на вачах гледача ў мадэлі адной сям’і. Дружнай, інтэлігентнай і высокамаральнай, што падкрэсліваецца самімі членамі сям’і неаднаразова.

Усіх разам на лецішчы збірае трагічная падзея — памёр бацька, муж, брат, Капітан, які жыў ля Мінскага мора і выходзіў у моры аддаленыя. Дружнасць сям’і неўзабаве ставіцца пад сумнеў: брата Капітана чамусьці на памінках бачыць не хацелі, як і аднаго з яго сыноў — Кастуся, які цяпер жыве за мяжой у Германіі. Прычына палягае ў ідэалагічна супрацьлеглых поглядах: брат памерлага — Пётр, афіцэр КДБ у адстаўцы (Алег Гарбуз), які ў свой час не пагрэбаваў данесці на бацькоў-апазіцыянераў, якія сябравалі з пісьменнікам Васілём Быкавым, каб прасунуцца па службе. Праўда, у сям’і ён адразу зрабіўся невітальным.

Недаспадобы некаторым членам сям’і і цалкам супрацьлеглы жыццёвы сцэнар: сын Кастусь, які пасля 15 сутак таемна з’ехаў за мяжу і нават не прыехаў на пахаванне бацькі, асуджаецца тут не менш.

Сцэна са спектакля «Мінскае мора», прэм’ера, 31 сакавіка, Варшава, сцэна Przodownik

Досыць класічнае застолле з успамінамі і тостамі ў гонар памерлага набывае нечаканы заварот, калі на лецішча прыязджае кадэбіст Пётр. Тут чакаеш канфліктаў і гневу, накіраванага выключна ў яго бок. Але знянацку Пётр выкладвае козыра: ваша непрыватызаванае лецішча можа адціснуць дзяржава, але я дапамагу гэтаму не здарыцца, калі вы прызнаецеся, хто з вас данёс на Кастуся.

Вядома, першая рэакцыя ва ўсіх выключна абаронная — «у нашай інтэлігентнай сям’і не можа быць стукачоў». Аднак у кадэбіста на гэта ўсё прызапашана яшчэ цэлая калода карт — вытрымкі з баз, якія працуюць лепш за любую сыроватку праўды. Яму важна паказаць і даказаць, што не толькі ён у гэтай сям’і «пацук», але і ўсе іншыя — таксама не святыя.

Варта адзначыць, што на гэтым моманце спектакль для гледачоў з роўнага аповеду робіцца захапляльнай дзеяй, дзе кожны з прысутных прымярае на сябе ролю дэтэктыва, які імкнецца першым вылічыць галоўнага даносчыка. Вы нібыта апынаецеся ў фільме «Дастаць нажы», толькі расследавальнікаў тут — поўная зала. Спойлер: вы наўрад ці вылічыце галоўнага даносчыка (у нас, прынамсі, не атрымалася).

Але акажацца, што ў гэтай «дружнай» капітанскай сям’і і без таго званка, скіраванага супраць Кастуся, хапае грашкоў.

Удава Наталля (Зоя Белахвосцік) даносіла на зяця, бо той, на яе погляд, быў няварты яе дачкі Ніны (Валянціна Гарцуева). Зяць (Зміцер Есяневіч) даносіў на ўдаву, бо таксама «палюбіў» цешчу. А Ніна, якая ў гэтая сям’і — прыёмная дачка, даносіла на брата Мікіту (Міхась Зуй) праз недалюбленасць і зайздрасць.

Хочацца выдзеліць тут асобна гульню акцёра Змітра Есяневіча — яго персанаж, нягледзячы на тое, што напісаў 13 даносаў, прываблівае тым, што ён хаця б не гуляе ў святога, чым да пары да часу займаюцца ўсе іншыя героі. Ён — просты завадчанін, не высокамаральны інтэлігент, ён мацюкаецца і не будуе трохузроўневых апраўданняў. «Даносіў, бо перашкаджалі спаць», — рубіць ён праўду-матку пра свае званкі наконт пратэстоўцаў у 2020-м. Брыдка, але яшчэ больш брыдка, калі людзі выкручваюцца як вужы на патэльні, нацягваючы свае добрыя намеры на злыя ўчынкі.

Завадчанін Вася ў яго ўвасабленні надзвычай натуральны, мацюкі з яго вуснаў — смачныя. Як і песня даносчыка. Далучэнне Есяневіча да трупы «Купалаўцаў» у эміграцыі сапраўды зрабіла каманду больш моцнай.

Сцэна са спектакля «Мінскае мора», прэм’ера, 31 сакавіка, Варшава, сцэна Przodownik

Музычныя ўстаўкі, падобныя па вайбе да караоке ў барах пад градусам, разбаўляюць распачатую паміж сваякамі вайну. Аўтарам і тэкстаў, і музыкі тут выступіў Лявон Вольскі. Часам па атмасферы гэта нагадвала стары-добры альбом N.R.M. «Дом культуры», і вось ужо гледачы апладуюць даносчыкам — ну, сапраўды ж добра сцелюць!

Спектакль «Мінскае мора» паставіў польскі рэжысёр Войцех Урбаньскі. Для яго гэта ўжо другая супраца з «Купалаўцамі» — да гэтага яны разам зрабілі «Зэкамерон» паводле аднайменнага дакументальнага раману палітзняволенага адваката Максіма Знака. Даследуючы на сцэне прыроду стукацтва, сама творчая каманда не знаходзіць дакладнага адказу на пытанне, адкуль гэта ўсё пачынаецца.

Персанажы п’есы згадваюць, што даносіць прыдумаў не Лукашэнка і не Сталін, гэта мела месца заўсёды і ва ўсіх краінах, не толькі аўтарытарных. Выходзіць, гэта проста адна з базавых прашывак чалавека? «Людзі ў нас пільныя і неабыякавыя», — гучаць развагі герояў п’есы.

«Мінскае мора» паказвае, да чаго могуць прыводзіць ананімкі — не проста «агульна», у межах дзяржавы, а на прыкладзе адной сям’і, у якой па пстрычцы руйнуецца ўвесь прыгожы фасад згуртаванасці і нармальнасці, бо ў якасці падмурка там заклалі хлусню, зрабіўшую ўсю канструкцыю максімальна крохкай. Так памінальная па Капітане пераўтвараецца яшчэ і ў пахаванне ячэйкі грамадства.

Сцэна са спектакля «Мінскае мора», прэм’ера, 31 сакавіка, Варшава, сцэна Przodownik

Але ж дзяржава і яе ідэалогія, якая спрыяе даносам, вядома, павялічвае іх колькасць, маштабуе злосць. Менавіта таму Мікіта (Міхась Зуй) таксама вырашаецца аформіць данос — на ўсю Рэспубліку Беларусь адразу. Яго пранізлівы маналог, здаецца, трапляе ў яблычак.

«Рэспубліка Беларусь лезе да мяне ў гаманец, лезе да мяне ў ложак, лезе да мяне ў галаву. Рэспубліка Беларусь угрызаецца ў маю скуру, атручвае маю кроў, змяняе мяне, робіць балюча. Прашу прыняць меры».

Каманда, якая працавала над спектаклем. Фота: фэйсбук Лявона Вольскага

Спектакль «Мінскае мора», падтрыманы праграмай ArtPower Belarus, будзе ісці ў Варшаве яшчэ два дні — 1 і 2 красавіка. Квіткі на прэм’еру даўно прададзеныя, таму сачыце за новымі анонсамі ў афіцыйных сацсетках «Купалаўцаў».

Чытайце таксама:

«Я не даносіў, мы ж сябруем». Як апраўдваюцца выкрытыя стукачы

Беларусы напісалі 40 тысяч даносаў? Не, гэта непраўдзівае сцверджанне

Зорны беларускі акцёр Ігар Сігоў пайшоў у кіроўцы аўтобуса. Кажа, што гэта лепш, чым у таксі

Каментары да артыкула