БЕЛ Ł РУС

МЗС Беларусі «пакуль не бачыць гатоўнасці літоўскага боку да сур'ёзнай размовы»

1.04.2026 / 15:25

Nashaniva.com

Прэм’ер-міністарка Літвы Інгa Ругінене заявіла, што для магчымай сустрэчы з прадстаўнікамі Беларусі ўжо прызначаны адказны прадстаўнік. Прэс-сакратара МЗС Беларусі Руслан Варанкоў пракаментаваў гэту заяву.

Паводле Варанкова, Беларусь пакуль не бачыць гатоўнасці літоўскага боку да сур'ёзнай размовы. 

«Мы азнаёміліся з паведамленнямі аб тым, што літоўскі бок вызначыўся з кандыдатурай для магчымага ўзаемадзеяння. Аднак на сёння ў нас няма якой-небудзь канкрэтнай і афіцыйнай інфармацыі ні пра тое, хто будзе прадстаўляць Вільнюс, ні пра тое, якімі паўнамоцтвамі гэты чалавек надзелены, ні пра тое, які змест мяркуецца ўкласці ў такі дыялог. Мяркуючы па ўсім, гэтае рашэнне адрасавана найперш для ўнутранай аўдыторыі — каб паказаць літоўскаму насельніцтву, што на беларускім кірунку штосьці робіцца», — сказаў Руслан Варанкоў.

Ён дадаў, што пакуль беларускі бок не бачыць прадметных крокаў, якія дазвалялі б казаць пра гатоўнасць літоўскага боку да сур'ёзнай размовы.

«Разам з тым нашая пазіцыя застаецца нязменнай: мы заўсёды выступалі за дыялог і па-ранейшаму адкрытыя да яго. Але разлічваем не на медыйныя жэсты, а на канкрэтныя і змястоўныя крокі», — заявіў прэс-сакратар МЗС.

Учора прэм'ерка Літвы Ругінене заявіла, што для перамоў з Беларуссю ўжо прызначаны чалавек. Але Літва мае ўмовы. Сярод асноўных патрабаванняў — спыненне пералётаў праз мяжу паветраных шароў, якія выкарыстоўваюцца для кантрабанды, вяртанне затрыманых грузавікоў без дадатковых выплат, а таксама недапушчэнне нелегальнай міграцыі.

Ругініене адзначыла, што без выканання гэтых умоў руху наперад не будзе, і Літва не бачыць дастатковай гатоўнасці да супрацоўніцтва з боку Мінска.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула