Мінфін рэзка зменшыў цэны на золата і срэбра
Міністэрства фінансаў перагледзела разліковыя цэны на каштоўныя металы, якія дзяржава закупляе ў свой фонд. Новыя цэны пачалі дзейнічаць з 1 красавіка і, як звычайна, устанаўліваюцца штомесяц, піша Office Life.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: vecteezy.com
Пасля перыяду росту, калі золата даражэла восем месяцаў запар, у красавіку ягоны кошт істотна знізіўся. Калі ў сакавіку адзін грам чыстага золата каштаваў 462,62 рубля, то ў красавіку — ужо 419,6 рубля, гэта значыць прыкладна на 43 рублі менш.
Таксама працягвае таннець срэбра: у сакавіку грам каштаваў 8,05 рубля, а з красавіка — 6,7 рубля. Гэтае падзенне склала 1,35 рубля. Падобная тэндэнцыя назіраецца і з плацінай — яе цана знізілася з 211,57 да 177,29 рубля за грам.
Сярод іншых металаў таксама адзначаюцца значныя змены. Напрыклад, родый істотна патаннеў — больш чым на 179 рублёў за грам (з 1068,99 да 889,59 рубля). Паладый таксама знізіўся ў цане — амаль на 30 рублёў (з 162,63 да 133,3 рубля).
У той жа час некаторыя рэдкія металы, наадварот, падаражэлі. Рутэній вырас амаль на 30% (да 166,02 рубля), ірыдый — больш чым на 20% (да 740,17 рубля), а осмій паказаў невялікі рост (на З% да 36,89 рубля).
Калі глядзець на сусветны рынак, то ў сакавіку там таксама назіралася зніжэнне сярэдніх цэн на асноўныя металы: золата, срэбра і плаціну. На пачатак красавіка золата ўсё яшчэ трымаецца на даволі высокім узроўні ў пераліку на сусветныя біржы, але агульная тэндэнцыя апошняга месяца — гэта карэкцыя і зніжэнне цэн.
Чытайце таксама:
Выходзіць новая партыя залатых манет «Славянка»