БЕЛ Ł РУС

У Беларусі створаць адзіную дзяржаўную сістэму продажу квіткоў

1.04.2026 / 19:40

Nashaniva.com

Аляксандр Лукашэнка 1 красавіка падпісаў указ, які прадугледжвае стварэнне да 1 ліпеня 2027 года адзінай дзяржаўнай інфармацыйнай сістэмы для продажу праязных білетаў на аўтамабільныя перавозкі пасажыраў у рэгулярных злучэннях.

Фота ілюстрацыйнае

У краіне плануецца аб’яднаць усе наяўныя сістэмы рэзервавання і продажу білетаў у адзін агульны электронны сэрвіс. Указам таксама вызначаныя ўдзельнікі гэтай сістэмы, яе ўладальнік і аператар — ім стане камунальнае ўнітарнае прадпрыемства «Сталічны транспарт і сувязь». Акрамя таго, указ акрэслівае крыніцы фінансавання для стварэння і далейшага функцыянавання гэтай сістэмы.

Стварэнне сістэмы будзе адбывацца шляхам інтэграцыі розных сэрвісаў, у тым ліку тых, што выкарыстоўваюцца пры міжнародных аўтобусных перавозках.

Платформу плануюць рэалізаваць на базе дзяржаўнай лічбавай сістэмы «Разумны горад», а фінансаванне забяспечыць інавацыйны фонд Мінскага гарвыканкама.

Асноўнае прызначэнне новай сістэмы — гэта магчымасць браніравання месцаў, продажу квіткоў і багажных квітанцый на прыгарадныя, міжгароднія і міжнародныя аўтобусныя перавозкі. Пры гэтым падкрэсліваецца, што ўкараненне гэтай сістэмы не павінна прывесці да павелічэння выдаткаў для пасажырскіх тэрміналаў і перавозчыкаў, а значыць і цэны квіткоў таксама не павінны вырасці.

Чакаецца, што з’яўленне такой сістэмы зробіць сферу пасажырскіх перавозак больш празрыстай, дазволіць лепш аналізаваць паток пасажыраў і аператыўна прымаць рашэнні для паляпшэння маршрутаў. Акрамя таго, пасажыры змогуць атрымліваць актуальную інфармацыю пра расклад руху аўтобусаў розных перавозчыкаў і выбіраць найбольш зручныя маршруты паездкі.

Чытайце таксама:

Пасля падаражання праезду маршрутка ў аэрапорт Мінск каштуе ў два разы танней, чым аўтобус. Як такое атрымалася?

У чатырох абласцях Беларусі выраслі цэны на праезд грамадскім транспартам

У Мінску ўвялі максімальны кошт праезду ў маршрутках

Каментары да артыкула