БЕЛ Ł РУС

Загадчык аддзялення бальніцы пісаў пра «абасцаных алкашоў». Як адрэагавала кіраўніцтва?

2.04.2026 / 15:07

Nashaniva.com

Загадчык траўматалагічнага аддзялення Касцюковіцкай цэнтральнай бальніцы Аляксей Грэйцар у сацсетках раіў маладым калегам «забіць х*й на пакліканне».

Грэйцар у цёмна-сінім. Фота: golk.by.

Малады доктар з Касцюковіцкай цэнтральнай раённай бальніцы апынуўся ў цэнтры скандалу пасля сваіх каментароў у Трэдсе.

Аляксей Грэйцар, загадчык траўматалагічнага аддзялення паліклінікі, у публічных абмеркаваннях дазваляў сабе выказванні, у якіх фактычна ставіў пад сумнеў неабходнасць аказання медыцынскай дапамогі некаторым пацыентам. 

Напрыклад, на гісторыю хлопца, які распавёў, як выклікаў хуткую дапамогу для п'янага мужчыны з разбітай галавой, адрэагаваў так: «Абасцанага бамжа ім падкінуў і яшчэ хірургам падкінуў, малайчына герой». Яшчэ ён параіў хлопцу сказаць дзякуй за тое, што яго «не абасцалі». І дадаў: «Дык забяры дадому алкаша абасцанага і выходжвай».

У іншых каментарах ужываў грубую лексіку, жорстка жартаваў з пацыентаў, называў працу ў паліклініцы «бл*дскім цыркам з шалёнымі звярыма» і дапускаў абразлівыя выказванні ў бок жанчын.

Мы патэлефанавалі ў Касцюковіцкую ЦРБ і пад выглядам удзельніцы абмеркавання ў сацсетках папрасілі кіраўніцтва пракаментаваць дзеянні іх супрацоўніка. 

На званок адказала загадчыца паліклінікі Ірына Прывалава (Грэйцар яе падначалены). Спачатку суразмоўца адзначыла, што гаворка ідзе пра асабістую прастору супрацоўнікаў. «Мы не адсочваем сацыяльныя сеткі нашых работнікаў. Не зусім разумею, што менавіта здарылася?»

Калі ж мы прывялі прыклады выказванняў — пра «абасцаных алкашэй» і характарыстыку працы ў паліклініцы як «цырка», пазіцыя змянілася.

«Так, вы маеце рацыю, гэта не прафесійна і неэтычна, — адказала Ірына Прывалава. — Мы абавязкова пагаворым з нашым супрацоўнікам, данясем, што так паводзіць сябе нельга. І не толькі пагаворым».

На момант публікацыі акаўнт Аляксея Грэйцара, з якога пісаліся каментары, ужо быў выдалены.

На сайце ЦРБ прыбралі інфармацыю аб ім як аб загадчыку аддзялення.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула