Вясковец абразаў валасы 80‑гадовай маці і прымушаў яе есці
Жыхара Ваўкавыскага раёна будуць судзіць за катаванне маці.
На працягу трох дзён ён жорстка здзекаваўся з жанчыны — збіваў і нават абрэзаў валасы, а затым пакінуў у бездапаможным стане. Са шматлікімі траўмамі пенсіянерку шпіталізавалі. Канфлікт адбыўся ў снежні мінулага года, распавялі ў пракуратуры.
Мужчына запатрабаваў у 80‑гадовай маці грошы — патраціць іх планаваў на алкаголь. Атрымаўшы адмову, ён пачаў збіваць жанчыну: біў па галаве гумовым шлёпанцам і кулакамі.
На наступны дзень канфлікт аднавіўся. Пасля аднаго з удараў у галаву жанчына ўпала. Не аказаўшы ёй дапамогу, мужчына пайшоў з дому.
«Вярнуўшыся на наступны дзень, ён пабачыў яе на падлозе на тым жа месцы. Калі жанчына пачала паўзці да стацыянарнага тэлефона для выкліку дапамогі, сын узяўся за міжпакаёвыя дзверы і з сілай стаў яе зачыняць, нанёсшы некалькі ўдараў па назе.
Затым ён абрэзаў канцылярскімі нажніцамі валасы маці, якія стаў запіхваць ёй у рот з патрабаваннем з'есці, пасля чаго нанёс па галаве ўдары гумовым тапкам з драўлянай калодкай», — паведамілі падрабязнасці здарэння ў ведамстве.
Пенсіянерку знайшлі суседзі, яны ж выклікалі хуткую. Медыкі канстатавалі закрытую ЧМТ, множныя пераломы рэбраў, левай сцегнавой косткі, цялесныя пашкоджанні галавы, тулава, рук і ног.
Мужчына затрыманы, крымінальная справа накіраваная ў суд. Максімальнае пакаранне да 10 гадоў пазбаўлення волі.