Чым займаецца ўнук вядомага кампазітара і аўтара «Калыханкі» Васіля Раінчыка?
21 год таму хлопец выступаў на адной сцэне з Ксеніяй Сітнік на дзіцячым Еўрабачанні-2005 — тады беларуская каманда ўзяла золата.
Унук народнага артыста Беларусі, кампазітара Васіля Раінчыка, якога завуць так, як і дзеда, таксама займаецца музыкай. Пад псеўданімам Wasssup ён сёлета выпусціў сольны альбом «Шчасце праз боль».
Васіль Раінчык 21 год таму на Еўрабачанні разам з Ксеніяй Сітнік
«У маёй сям’і ўсе музыкі, і я не вынятак», — расказвае пра сябе Васіль.
Васіль Раінчык-малодшы, унук Васіля Пятровіча Раінчыка і сын Сяргея Раінчыка. Сяргей быў адзіным сынам народнага артыста Беларусі, разам з бацькам граў у «Верасах». Яго не стала ў 2020 годзе пасля раптоўнага спынення сэрца. Фота: інстаграм @wasssupminsk
Агулам за два гады існавання свайго праекта Васіль запісаў больш за 40 песень. Адны з самых папулярных — «Я іду па горадзе» і «Прыліп» — атрымалі плацінавы статус па стандартах Федэрацыі музычнай індустрыі. Толькі на Spotify першы трэк паслухалі амаль тры мільёны разоў.
У роліку-візітоўцы ў інстаграме Васіль прызнаецца, што цяпер знаходзіцца ў стомленым стане.
«Захацелася вярнуць веру ў сябе. Заўсёды ёсць выбар скласці лапкі і спыніцца, але гэтая гісторыя не пра мяне. Я веру, што мая музыка знойдзе свайго слухача, і, магчыма, ты — той самы чалавек, які не ведаў, што ёсць такі, як я».