БЕЛ Ł РУС

У міліцэйскім конкурсе прыгажосці перамагла амапаўка, якая ў 2020 годе разганяла пратэсты

4.04.2026 / 12:02

Nashaniva.com

А ў 2021 годзе Ганна Шахава, супрацоўніца АМАП, ацаніла свае маральныя пакуты ад каментара «Вось мразі» ў 500 рублёў — і адсудзіла іх.

Амапаўка Ганна Шахава. Фота: «Мінс-Навіны»

На конкурсе «Міс мінская міліцыя — 2026», які праходзіў 3 красавіка, перамагла камандзір аддзялення сталічнага АМАПа Ганна Шахава.

Згодна з інфармацыяй сайтаў luka.zone і «Дзікае паляванне», у 2020 годзе Шахава прымала актыўны ўдзел у разгонах мірных пратэстаў.

У 2021 годзе ў судзе Фрунзенскага раёна Мінска судзілі жанчыну, якой ставілася ў віну абраза прадстаўнікоў улады — дзевяці супрацоўніц АМАП, сярод іх была і Ганна Шахава, міліцыянер 22 узвода АМАП.

Мінчанка пакінула пад фатаграфіяй дзевяці супрацоўніц АМАП, размешчанай у тэлеграм-канале «Карнікі Беларусі», каментар: «Вось мразі». У выніку ёй прысудзілі 3 гады хатняй хіміі і 6 тысяч рублёў кампенсацыі «пацярпелым». З гэтай сумы 500 рублёў дасталіся Ганне Шахавай, якая заявіла, што каментар яе абразіў, прынізіў гонар і годнасць.

Скрыншот СТБ

Конкурс, на якім перамагла Ганна, дарэчы, праходзіў пад слоганам «У імя закона і прыгажосці».

Была і свая фішка: калі звычайна ўдзельніцы такіх конкурсаў дэфіліруюць у купальніках, дык тут замест гэтага было дэфіле ў форме.

На конкурсе прыгажосці «Міс мінская міліцыя — 2026». Фота: «Мінск-Навіны»

Раней Шахава ўдзельнічала ў спецпраекце дзяржаўнага інфармагенцтва БелТА. Там вырашылі, што будзе цікава, калі амапаўку паставіць на абцасы і адправіць на подыум. А Ганна пагадзілася, бо захапляецца візажам, любіць стыльныя сукенкі і фотасесіі. Майстар-клас па дэфіле для Ганны праводзіла «Міс Беларусь 2021» Дар'я Ганчарэвіч.

Ганна Шахава і Дар'я Ганчарэвіч. Фота: БелТА

Пра сябе ў інтэрв’ю амапаўка распавядала, што яе бацька — былы вайсковец, таму жорсткая дысцыпліна ў яе была з дзяцінства. Займалася лёгкай атлетыкай і тайскім боксам.

Фота: БелТА

Ганна, якая разганяла пратэсты супраць фальсіфікацый і гвалту, у дзяцінстве марыла служыць у міліцыі «не дзеля формы, а каб бараніць людзей і забяспечваць правапарадак на вуліцах».

Сваю працу яна любіць: «Для мяне быць міліцыянтам — гэта не проста выконваць загады, а стаць апорай для тых, хто ў цяжкую хвіліну мае патрэбу ў абароне».

Чытайце таксама:

«Міс Беларусь» усё больш нагадвае конкурс прыгажосці ў гарэме

Памятаеце дзяўчыну, якая планавала паехаць на «Міс Сусвет», а яе арыштавалі? Яна ўжо на свабодзе

«Гэта мая мара з дзяцінства». На кастынг «Міс Беларусь» прыйшла дзяўчына, якая працуе ў турме Магілёва

Каментары да артыкула