БЕЛ Ł РУС

Дзмітрый Семчанка: Я прыйшоў у пул Лукашэнкі біцца з Расіяй

5.04.2026 / 10:05

Вінцэсь Клепачэня

Былы палітвязень і журналіст прэзідэнцкага пула Дзмітрый Семчанка ў новым выпуску ТОКу патлумачыў, чаму прамяняў свабоду рэпарцёра на працу ў пуле адзінага недатыкальнага чалавека ў краіне.

Дзмітрый Семчанка. Фота: Facebook

Журналіст Дзмітрый Семчанка з Магілёва з 2009 па 2020 год працаваў на тэлеканале АНТ. З 2014‑га — у складзе журналісцкага пула Лукашэнкі.

13 жніўня 2020 года Дзмітрый звольніўся з АНТ, а ў верасні яго пакаралі адміністрацыйным арыштам за ўдзел у пратэсным маршы.

У канцы 2022 года Семчанку зноў затрымалі, і пасля двух тэрмінаў па 15 сутак выставілі абвінавачанне паводле артыкула 130 Крымінальнага кодэкса (распальванне варожасці).

У сакавіку 2023 года Дзмітрыю прысудзілі тры гады зняволення. Выйшаў на свабоду ён у ліпені 2025 года, цалкам адбыўшы тэрмін. Праз два месяцы разам з жонкай выехаў з краіны.

Згадваючы свой пераход у склад пула Лукашэнкі, Семчанка нагадвае, што гэта адбылося ў 2014 годзе пасля акупацыі Расіяй Крыма і часткі Данбаса:

«Расія пачынае жэрці свае, як яны лічаць, тэрыторыі, якія належалі гэтай імперыі. І я разумеў, што гэты гістарычны час, калі Расія можа нас увогуле зжэрці».

Як даводзіць журналіст, у той момант ён бачыў у Лукашэнку не «нейкага там патрыёта», але чалавека, чыя ўлада фактычна гарантавала суверэнітэт Беларусі:

«Яго ўласнае крэсла стала як бы сінонімам суверэнітэту. Бо ён не аддае сваё крэсла, ён не аддае сваю ўладу Расіі і не аддасць. Я разумеў, што ён будзе зараз біцца за сваё крэсла. І калі Расія не зможа зжэрці нас у гэты гістарычны перыяд, у нас будзе шанец пабудаваць нацыянальны падмурак».

«Я прыходжу ў пул у той момант — біцца з Расіяй. (…) Так, гэта нейкі рост па кар'ернай лесвіцы. Гэта так. (…) Але калі мне задавалі пытанне: «Чаму ты зараз будзеш працаваць там?», — я казаў, таму што Расія не павінна нас зжэрці ў гэты момант», — адзначае Дзмітрый і пераконвае, што ў той час яго лічылі на канале заўзятым нацыяналістам.

Семчанка нагадвае, што сам Лукашэнка не прызнаў Данбас і акупацыю Крыма, паехаў на інаўгурацыю Парашэнкі. Да гэтага не былі прызнаныя Паўднёвая Асеція і Абхазія. А ў Віцебску ў 2014 годзе быў пастаўлены помнік Альгерду.

«У сістэме ў той момант было шмат нацыянальна арыентаваных людзей, якія хацелі скарыстацца гэтым гістарычным перыядам, каб узмацніць нацыянальны падмурак. (…) Былі людзі, так званыя рускамірцы, у той момант, якія хацелі, каб Расія нас зжэрла нарэшце», — заўважае Дзмітрый.

Семчанка апісвае той перыяд як адносна адкрыты і нават перспектыўны.

«Я магу асвятляць нейкія рэчы, і я магу казаць у гэтых сюжэтах, што добра, трэба вось так рабіць. Лібералізацыя бізнэсу — добра. Наладжваць нейкія там сувязі з Еўразвязам — добра. Што мы таксама Еўропа — добра. Што мы незалежная краіна — добра».

Чытайце таксама:

Дзмітрый Семчанка расказаў пра размовы з Маркавым у 2020‑м і дэталі свайго пераследу

Журналіст Дзмітрый Семчанка расказаў, як яго спрабавалі зламаць у СІЗА

«У Беларусі я пазбаўлены элементарных правоў». Былы журналіст лукашэнкаўскага пула Дзмітрый Семчанка выехаў з краіны

Каментары да артыкула