БЕЛ Ł РУС

Пасол Беларусі ў Расіі збіраецца наведаць акупаваны Крым

4.04.2026 / 16:58

Nashaniva.com

Беларускі пасол у Расіі Юрый Селіверстаў плануе наведаць Крым, які быў анексаваны Расіяй. Пра гэта ў пачатку красавіка паведаміў прадстаўнік акупацыйных уладаў паўвострава Андрэй Лапацкі, піша «Позірк».

Санаторый «Беларусь» у крымскім Місхоры. Фота: Wikimedia Commons

Па словах Андрэя Лапацкага, зараз вядзецца падрыхтоўка да візіту, але канкрэтныя даты пакуль не называюцца. Ён адзначыў, што задача пасла — гэта развіццё супрацоўніцтва не толькі паміж дзяржавамі, але і паміж рэгіёнамі.

Лапацкі таксама падкрэсліў, што ўзаемадзеянне паміж Беларуссю і Крымам, маўляў, прыносіць не толькі матэрыяльную карысць, але і ўмацоўвае «брацкія адносіны».

Сам Лапацкі, які паходзіць з Севастопаля, у 2022 годзе стаў прадстаўніком Крыма ў Беларусі і заснаваў культурную арганізацыю «Крымскае зямляцтва». Акрамя таго, у 2025 годзе ў Беларусі прайшлі мерапрыемствы, прысвечаныя Крыму, з удзелам прадстаўнікоў уладаў і бізнэсу гэтай акупаванай тэрыторыі.

Раней Аляксандр Лукашэнка заяўляў, што лічыць Крым расійскім як фактычна, так і юрыдычна пасля падзей 2014 года. Беларускія ўлады таксама падтрымалі дзеянні Расіі ва Украіне ў 2022 годзе і працягваюць супрацоўніцтва з уладамі на занятых тэрыторыях.

Крым і Севастопаль былі далучаныя да Расіі ў 2014 годзе пасля правядзення рэферэндуму пад кантролем расійскіх войскаў. Аднак большасць краін свету гэты крок не прызнала. У міжнародных дакументах, у тым ліку ААН, гэтыя тэрыторыі лічацца часткай Украіны, якая знаходзіцца пад часовай акупацыяй.

Чытайце таксама:

Лукашэнка даў Селіверставу дадатковыя паўнамоцтвы

Міністр фінансаў Юрый Селіверстаў прызначаны паслом у Расіі

У Беларусі пакажуць расійскую кінаагітку — здымалі ў Крыме, Данецку і Марыупалі

Каментары да артыкула