У Беларусі пакажуць расійскую кінаагітку — здымалі ў Крыме, Данецку і Марыупалі
Беларускі кінапракат прапануе незвычайнае відовішча — вязуць прапагандысцкую драму «Малыш», знятую на акупаваных тэрыторыях Украіны.

На сайце мінскага «Кінавідэапраката» з'явіўся анонс расійскай стужкі, якую хутка абяцаюць паказаць у беларускіх дзяржаўных кінатэатрах. Гэта драма «Малыш» ад рэжысёра Андрэя Сіманава. Абяцаюць, што яна з'явіцца ў нашых кінатэатрах 26 лютага — на дзень пазней, чым адбудзецца прэм'ера ў Расіі.
Фільм рэкламуюць у прарасійскіх тэлеграм-каналах. Паводле іх, сцэнар «Малыша» заснаваны на гісторыі «аднаго з самых маладых апалчэнцаў ДНР Паўла Чартока». Чарток, у 2022‑м 18‑гадовы студэнт Данецкага каледжа рэстараннага сэрвісу і гандлю, пайшоў на фронт праз некалькі дзён пасля пачатку поўнамаштабнай вайны. Ён атрымаў пазыўны «Малыш». Праз месяц на фронце Павел трапіў у штурмавую роту, удзельнічаў у дзясятках штурмаў і зачыстак. Іншы яго пазыўны — «Паэт», бо Чарток піша вершы.
Але не вершамі адзінымі: Чарток — адзін са сцэнарыстаў таго самага фільма «Малыш», які вязуць у Беларусь. Праўда, для стужкі гісторыю трохі памянялі.
Цяпер у яе цэнтры данецкі хлопец Дзіма. Яму 18 гадоў, як і яго прататыпу ў 2022-м, але, у адрозненне ад Чартока, Дзіма — рэпер і марыць пра музычную кар'еру. Хлопец не бачыў маці з дзяцінства і жыў з бацькам, а калі той памёр, Дзіма застаўся зусім адзін.

Стваральнікі агіткі апісваюць Дзіму як апалітычнага. Па сцэнары, ён даведваецца, што яго маці «апынулася ў палоне ў акружаным Марыупалі» (наўрад ці там удакладняецца, што ў аблогу Марыупаль узялі расійскія войскі). Дзіма хуценька змяняе свае погляды, запісваецца добраахвотнікам у штурмавы атрад і едзе ў Марыупаль, каб знайсці маці.


Расійская прапаганда піша, што «Малыша» здымалі ў Крыме, Данецку і Марыупалі. Выглядае, што здымкі праходзілі ў тым ліку каля руін завода «Азоўсталь», які вясной 2022‑га гераічна абаранялі ўкраінцы.

Мяркуючы з трэйлера, у стужцы будуць сцэны баёў, малітвы і шмат разбураных праз баі будынкаў. А ў якасці эпізадычнага героя — англамоўны афраамерыканец-баявік, якому ўклалі ў вусны такія словы:
«Быць рускім — значыць рабіць нешта вялікае. Вось таму я і прыехаў».

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары
Усё слушна. Ня быць вольным, заможным, адукаваным, а быць г.з. "вялікім", не разумеючы, што за гэтам стаіць апроч тэрытарыяльнай экспансіі і экспарту уласнай адсталасці суседзям, а потым здзіўляцца - чаму табе ня проста ня любяць, а адштурхоўваюцца ад табе.
Быць рускім - гэта быць акупантам-захопнікам, злачынцам.
Рускія варвары будуць шмат гадоў здымаць кіналайно на руінах акупаванага і разбуранага Данбаса.
А беларусы наўрадці пойдуць глядзець гэтае прапагандысцкае кіно. А калі іх туды і загоняць прымусова, то кожны беларус свой розум мае, не забывайцеся.
Беларусы будуць глядзець на кадры разбуранага Марыупаля і ў галаве думаць: "вось чаго нарабіла Расея ва Украіне. Калі ўлезем у гэта ўсё, то і ў нас такое зробяць рускія. Трэба трымацца падалей ад вайны".