БЕЛ Ł РУС

Кіроўцу з Пінска адправілі ў калонію за падрыхтоўку да «масавых беспарадкаў», «абразу» Лукашэнкі і «распальванне варожасці»

6.04.2026 / 10:42

Nashaniva.com

Сяргей Палхоўскі амаль усё жыццё круціў абаранак — працаваў таксістам і кіроўцам. Але нядаўна Брэсцкі абласны суд адправіў яго за краты, асудзіўшы па трох палітычных артыкулах. Хутчэй за ўсё, за каментары ў інтэрнэце.

Сяргей Палхоўскі. Фота з ягонай старонкі ў Аднакласніках

Сяргею Палхоўскаму 48 гадоў. Ён нарадзіўся ў Шчучыне Гродзенскай вобласці. Але неўзабаве сям'я пераехала ў Пінск, скончыў школу ён ужо там.

Усё сваё працоўнае жыццё Сяргей быў кіроўцам. Ён быў індывідуальным прадпрымальнікам і таксаваў у родным Пінску. Пазней ездзіў на заробкі ў Расію, дзе быў кіроўцам грузавіка.

Мужчына жанаты. У вольны час моцна захапляецца рыбалкай.

Сяргея арыштавалі ў мінулым годзе. А нядаўна Брэсцкі абласны суд вынес Палхоўскаму прысуд адразу па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэкса. Яго асудзілі за «распальванне варожасці» (ч. 1 арт. 130) і «абразу Лукашэнкі» (ч. 1 арт. 368). Акрамя таго, мужчыну абвінавацілі яшчэ і ў падрыхтоўцы да масавых беспарадкаў (ч. 1 арт. 13 і ч. 1 арт. 293).

Звычайна такія справы ўзбуджаюць за рэзкія каментары ў інтэрнэце, абмеркаванне пратэстаў або заклікі да вулічных акцый.

Санкцыі па гэтых артыкулах прадугледжваюць да 15 гадоў зняволення. Вядома, што цяпер Сяргей Палхоўскі ўжо знаходзіцца ў калоніі, але дакладны прысуд невядомы.

Чытайце таксама:

Літовец паехаў наведаць сваякоў у Беларусь — яго арыштавалі і далі 15 гадоў. Кажуць, што за шпіянаж

Муляра з Жодзіна асудзілі па справе Гаюна і за «абразу» Лукашэнкі

Аднаго з узорных работнікаў Мазырскага НПЗ асудзілі па справе Гаюна

Каментары да артыкула