БЕЛ Ł РУС

Беларускі хор скарыў журы польскага конкурсу «Маю талент» народнай песняй пра Каляды

6.04.2026 / 18:22

Nashaniva.com

Хор эмігрантак з Беларусі і Украіны SPIEVY, у якім, сярод іншых, спявае вакалістка і голас мінскага вакзала Руся Shuma (Марына Шукюрава), скарыў журы папулярнага польскага шоу «Маю талент!» («Mam Talent!»). Усе чатыры суддзі высока ацанілі выступ спявачак і сказалі ім адназначнае «так». Хор трапіў у паўфінал.

Хор SPIEVY на польскім конкурсе «Маю талент!». Скрыншот: TVN Talent Show

Для свайго канцэртнага нумару дзяўчаты абралі народную песню «Каляда» — выконвалі яны яе акапэла, перадаючы ўсе адценні выключна моцай шматгалосся.

«Тры гады таму мы зразумелі, што маем патрэбу ў чымсьці ад нашай зямлі, на якую не можам вярнуцца. Патрабавалі нечага з нашага ДНК. І мы хацелі спяваць. І знайшлі падтрымку самі ў сабе і ў спевах», — патлумачылі артысткі гісторыю з’яўлення свайго калектыву ў Варшаве.

Хор SPIEVY на польскім конкурсе «Маю талент!». Скрыншот: TVN Talent Show

Падчас выступу SPIEVY суддзі не хавалі свайго зачаравання вакалам жанчын — некаторыя ажно заплюшчылі вочы ад задавальнення.

«Я закаханая», — пракаментавала ў канцы вядомая польская спявачка і пісьменніца Агнэшка Хыліньская. Іншыя адзначылі, што спевы нібыта пагрузілі іх у іншае вымярэнне, метафізічную прастору.

Жаночы праект SPIEVY ўзнік у 2025 года. Ён выконвае традыцыйныя беларускія, а таксама спевы памежных славянскіх тэрыторый — Польшчы, Украіны і Літвы. Іх можна сустрэць на шматлікіх беларускіх (і не толькі) мерапрыемствах ці паслухаць анлайн — хор ужо выпусціў міні-альбом.

Чытайце таксама:

Праект SPIEVY выпусціў першы альбом з традыцыйнымі спевамі і кліп «Іскарка»

«За кожнай прыгожай карцінкай стаіць вялікая праца». Беларуска расказала, як знялася ў модным часопісе Vogue

Як K-pop, толькі B-pop — спявачка Паліна Дабравольская запісала новы альбом на беларускай і польскай мовах

«Хейту ў маім жыцці было шмат». Што за дзяўчына здымае беларускіх артыстаў і папулярнае беларускае ютуб-шоу «О(б)суждаем»

Каментары да артыкула