У Іране заклікалі студэнтаў і школьнікаў выходзіць у жывыя ланцугі вакол электрастанцый
Збор сёння а 13‑й гадзіне.
Фота: Fatemeh Bahrami/Anadolu via Getty Images
Сакратар Вярхоўнага савета моладзі і падлеткаў Ірана Алірэза Рахімі заклікаў моладзь ствараць «жывыя ланцугі» для абароны электрастанцый на тэрыторыі краіны пасля пагроз ЗША, паведамляе Sky News.
Рахімі прапанаваў прадстаўнікам моладзі — спартсменам, мастакам і студэнтам — сабрацца а 14:00 па мясцовым часе (13:00 па Мінску) вакол электрастанцый, якія «належаць будучыні Ірана ды іранскай моладзі», а таксама «служаць нацыянальнымі каштоўнасцямі».
5 красавіка Трамп пагразіў разбурыць іранскія электрастанцыі і масты, калі Армузскі праліў не будзе адкрыты. У той жа дзень у інтэрв’ю Fox News кіраўнік Белага дома сказаў, што «ёсць добрыя шанцы» заключыць пагадненне з Іранам.
Паводле яго слоў, калі гэта не ўдасца, «вы ўбачыце, як па ўсёй іх краіне будуць рушыць масты і электрастанцыі». «Калі яны не заключаць дамову хутка, я падумаю падарваць усё і захапіць нафту», — папярэдзіў ён. Дэдлайн а трэцяй гадзіне ў ноч на сераду.
Чытайце таксама:
Трамп назваў новы дэдлайн ультыматыму Тэгерану, «інакш Іран ператворыцца ў каменны век»
Трамп можа адкласці ўдары па цывільнай і энергетычнай інфраструктуры Ірана ў апошнюю хвіліну