Калекцыя тэкстылю і кніг з нямецкага Ляймэна прыбыла ў Віленскі беларускі музей разам з жуком-скураедам
Калекцыя тэкстылю і кніг з нямецкага Ляймена прыбыла ў Віленскі беларускі музей разам з жуком-скураедам. Рэдкія рэчы, адзенне і перыёдыку, якімі нядаўна папоўніліся фонды Віленскага беларускага музея імя Івана Луцкевіча, музейнікі змогуць далучыць да экспазіцыі не раней як праз некалькі месяцаў. Прычыны затрымкі патлумачыла Радыё Свабода супрацоўніца музея Паўліна Вітушчанка.
«У рэчах знайшлі шкодніка — скураеда, які асабліва небяспечны для адзення з воўны, але і кнігі ён таксама можа пашкодзіць. Давядзецца рабіць спецыяльныя меры абароны», — сказала Паўліна.
Паводле супрацоўніцы беларускага музея, днямі яна пачала разбіраць рэчы калекцыі і знайшла ў іх лічынкі жука-скураеда (па-лацінску Anthrenus verbasci. — РС). Паўліна Вітушчанка кажа, што ў асаблівай небяспецы тканіны, якія цяпер давядзецца адправіць на два тыдні ў маразільнік, але гэта датычыцца і кніг, якім скураед пагражае знішчэннем вокладак.
Такі бытавы спосаб барацьбы са скураедам, як пранне, для тэкстыльных рэчаў з калекцыі не падыходзіць, бо можна пашкодзіць фарбы ўзораў, можа з’явіцца цвіль, што для музейных экспанатаў таксама вельмі дрэнна.
У пачатку красавіка ў музей з Германіі прывезлі дзясяткі скрынак артэфактаў з асабістай калекцыі і архіва беларускага дзеяча Юрыя Попкі, які жыў у нямецкім горадзе Ляймене і трымаў прыватны беларускі музей.
Калекцыя эмігранта з Беларусі пасля яго смерці ў 1990 годзе паводле яго завяшчання дасталася гарадскім уладам і захоўвалася на складзе.
Урэшце калекцыяй заняўся нямецкі грамадзянін беларускага паходжання Алесь Маісеенка, які і прывёз яе ў віленскі музей у мінулым месяцы.
Супрацоўнікі беларускага музея вельмі ўдзячныя Алесю Маісеенку і за дастаўку калекцыі, і за яе выратаванне.
«Ляйменскія гарадскія ўлады дэ-факта знішчылі музей Попкі ў 2015—2017 гадах (дакладны год мы не ведаем). Экспазіцыю проста ў беспарадку кінулі ў кардонныя скрыні, якія захоўваліся ў вільготных памяшканнях. І мы вельмі-вельмі ўдзячныя Алесю Маісеенку, бо ён гадамі дамагаўся змены сітуацыі з гэтай калекцыяй — і нарэшце дамогся. І таксама ўдзячныя актывістам арганізацыі RAZAM Deutschland, якія дапамаглі прывезці рэчы да нас. Бо інакш гэтыя жукі грызлі б беларускія строі яшчэ гадамі», — кажа Паўліна Вітушчанка.
Паводле Паўліны Вітушчанкі, музей ужо шукае магчымасць арандаваць плошчы ў маразільніку, куды будуць змешчаны тэкстыльныя рэчы і кнігі. Гэта будзе каштаваць пэўных грошай, таму шукаюць і фінансаванне. Добра яшчэ, што частка калекцыі Юрыя Попкі не запатрабуе такіх намаганняў, мяркуе супрацоўніца музея.
«Там ёсць іншыя рэчы, напрыклад карэспандэнцыя, плакаты, саламяныя кошыкі, якія не трэба марозіць. Іх дастаткова проста каранцінаваць у вельмі шчыльна закрытых скрынках. Такі каранцін патрэбны таму, што хоць там і няма нічога ядомага для нашага жука, але гэта не значыць, што ён там не знаходзіцца, і калі не каранцінаваць, то выберацца і знойдзе нешта «смачнае» з нашай асноўнай калекцыі, чаго мы стараемся не дапусціць. У выніку жук, калі ён і там ёсць, памрэ з голаду. Каранцін гэтых рэчаў зойме не менш за два месяцы», — расказала Паўліна Вітушчанка.
Пасля каранцінных мер і апісання рэчаў з калекцыі Юрыя Попкі супрацоўнікі Віленскага беларускага музея імя Івана Луцкевіча абяцаюць падрыхтаваць выставу найбольш цікавых экспанатаў калекцыі.