Грамадства88

Як 25‑гадовы Алесь уратаваў ад знікнення калекцыю беларускіх экспанатаў. Ён нарадзіўся і вырас у Германіі, але гаворыць па-беларуску

Уратаваная калекцыя — беларускія экспанаты, сабраныя пасля вайны Юр'ем Попкам, эмігрантам тамтой хвалі.

Алесь Маісеенка на акцыі ў Варшаве. Тут і далей фота Алеся Маісеенкі

Сёння тое, што ўдалося выратаваць, ужо ў Вільні — у Беларускім музеі імя Луцкевіча. 

Даць калекцыі другое жыццё ўдалося дзякуючы беларускай супольнасці ў Германіі. Ініцыятарам стаў Алесь Маісеенка — актывіст аб’яднання беларусаў RAZAM e.V.

Алесю 25 гадоў, ён працуе журналістам на розныя медыя, у розны час — на нямецкія, беларускія і ўкраінскія.

«Я нарадзіўся і вырас у Германіі, але мае бацькі з Беларусі. Яны былі актыўнымі ў 1990-я, удзельнічалі ў Беларускім народным фронце, збіралі подпісы за Зянона Пазняка. Таму мяне заўсёды цягнула да беларускай тэмы», — расказвае ён «Нашай Ніве».

Алесь выдатна размаўляе па-беларуску. Кажа, што для яго бацькоў было вельмі важна, каб ён з дзяцінства хаця б разумеў беларускую мову.

«Бацька быў беларускамоўным, з маці раней па-расейску размаўляў, потым з ёй таксама перайшлі на беларускую. Пасля 2014 года, калі пачалася вайна на Данбасе, я пачаў больш цікавіцца гісторыяй Усходняй Еўропы. Менавіта тады палепшыў сваю беларускую мову», — згадвае наш суразмоўца. 

Яшчэ школьнікам Алесь даведаўся пра прыватны беларускі музей у нямецкім горадзе Ляймен, які ў 1982 годзе ў сваім доме заснаваў эмігрант Юрый Попка. Дзесяцігоддзямі Попка збіраў кнігі, дакументы, фотаздымкі і прадметы беларускай культуры, ствараючы ўнікальную калекцыю беларускай дыяспары ў Еўропе. Дзякуючы падтрымцы іншага вядомага беларуса Барыса Кіта гэты музей нават стаў афіцыйнай славутасцю горада.

Але пасля смерці Попкі музей закрыўся, а калекцыю разабралі.

Музей, які «склалі ў скрыні»

Пасля смерці Попкі горад, які паводле дамовы павінен быў даглядаць музей, фактычна ад гэтай адказнасці ўхіліўся.

«Я напісаў ім у 2017 годзе, спытаў, ці можна наведаць музей. Мне адказалі: не, яго закрылі, бо не было наведвальнікаў. Усе экспанаты проста запакавалі ў скрыні і перадалі на склад», — згадвае Алесь.

Паводле тэстамента Попкі калекцыя заставалася ўласнасцю горада, і толькі незалежная Беларусь магла вырашаць яе лёс. Алесь прапаноўваў перавезці экспанаты ў іншыя музеі, у Вільню ці Лондан, але атрымаў адмову. Потым яшчэ адну. І на некалькі гадоў гісторыя проста замерла.

Трэці раз ён напісаў ужо амаль без надзеі, хутчэй, «у пустэчу»: хацеў хаця б паглядзець, што засталося ад калекцыі. І раптам атрымаў адказ: прыязджайце.

«Для мяне гэта было нечакана. Пасля дзвюх адмоў я ўжо не спадзяваўся, што яны пагодзяцца. Я нават не прасіў перадаць калекцыю — проста хацеў паглядзець, што там засталося», — кажа ён.

Як высветлілася, у горадзе змяніўся бургамістр — і рашэнне прынялі літаральна адным подпісам.

Калекцыю шукалі па складах

Калі супрацоўнікі адміністрацыі пачалі шукаць калекцыю, высветлілася, што нават яны самі не ведаюць, дзе яна знаходзіцца.

«Рэчы захоўваліся ў розных памяшканнях. Іх літаральна шукалі для мяне», — расказвае Алесь.

Знайшлі не ўсё. Частка экспанатаў знікла. У адно з памяшканняў нехта ўварваўся, забраў некаторыя рэчы і разбіў вокны — і вада ад дажджоў пашкодзіла частку калекцыі.

«Калі параўноўваць фотаздымкі 2007 года і тое, што мы знайшлі, — розніца вялікая. Шмат чаго ўжо няма. І нават поўнага спісу таго, што павінна было захоўвацца ў калекцыі, не існавала», — адзначае Алесь.

«Мы ратавалі тое, што яшчэ можна было ўратаваць»

А далей пачалася амаль ручная праца па разбіранні руінаў: шукаць, супастаўляць, пераправяраць і збіраць гісторыю літаральна па кавалках. Алесь дасылаў старыя фотаздымкі музея, каб супрацоўнікі маглі пазнаць экспанаты. У апошні момант знайшлі нават бюст самога Юрыя Попкі.

Усё, што ўдалося сабраць, вывезлі ў Вільню.

«Мы з бацькам проста загрузілі машыну і адвезлі ўсё. Было б добра, вядома, каб гэтыя рэчы захоўваліся ў Германіі. Але для гэтага тут проста няма адпаведнай інфраструктуры — ні падобнага музея, ні спецыялістаў, якія маглі б гарантаваць належнае захаванне, апісанне і працу з экспанатамі», — кажа ён.

Экспанаты калекцыі
Экспанаты калекцыі
Экспанаты калекцыі

Калекцыю прыняў Беларускі музей імя Луцкевіча, дзе яе цяпер будуць прафесійна апісваць і захоўваць. Дапамаглі і іншыя: Фундацыя Крачэўскага ў ЗША пакрыла выдаткі на паліва, далучыліся і людзі з супольнасці «Разам» — у тым ліку тыя, хто дапамог даставіць асобныя экспанаты.

«Без іх гэта дакладна не атрымалася б», — прызнаецца Алесь.

На ганку Беларускага дома ў Вільні з выратаванымі экспанатамі

Для Алеся гэтая гісторыя не толькі пра рэчы.

«Як беларус, які нарадзіўся ў Германіі, я вельмі цікаўлюся гісторыяй беларускай дыяспары. І гэта ўнікальная з'ява — фактычна адзіны такі музей, які існаваў тут».

Ёсць і асабістая сувязь: Алесь быў знаёмы з Барысам Кітом.

«Тое, што мы асабіста былі знаёмыя з Барысам Кітом, ездзілі да яго ў госці, таксама паўплывала на гэту ініцыятыву. Прыемна адчуваць, што мы ў нейкім сэнсе працягваем яго справу і змаглі выратаваць хаця б частку гэтай калекцыі — каб яна стала даступнай для іншых беларусаў, каб праз яе можна было вывучаць гісторыю Беларусі і беларускай дыяспары», — дадае Алесь.

Алесь Маісеенка ў гасцях у Барыса Кіта (2012 год)

Ідэальны сцэнар — вяртанне ў Беларусь

Менавіта так хацеў Юрый Попка: у сваім тэстаменце ён марыў, каб калекцыя калісьці апынулася ў незалежнай беларускай дзяржаве.

Пры гэтым спробы вярнуць калекцыю ў Беларусь ужо былі. У пачатку 1990‑х тагачасны амбасадар Беларусі ў Нямеччыне Пётра Садоўскі цікавіўся магчымасцю перавезці яе на радзіму. Але пасля змены ўлады ў 1994 годзе гэтая ідэя не атрымала працягу.

«Мы спадзяёмся, што прыйдзе дзень, калі Беларусь стане вольнай, і гэтыя рэчы можна будзе перавезці туды. Магчыма, у Пружаны, адкуль родам Юрый Попка», — кажа Алесь.

Пакуль жа Вільня — геаграфічна найбліжэйшы да Беларусі пункт.

Экспанаты калекцыі. Бюст Юрыя Попкі

Паралельна супольнасць беларусаў у Германіі спрабуе рэалізаваць і іншыя культурныя ініцыятывы. Напрыклад, у Франкфурце хочуць усталяваць мемарыяльную дошку ў гонар Васіля Быкава — там ён жыў, як і Барыс Кіт, з якім яны былі знаёмыя.

«Мы падавалі гэтую ідэю гарадской радзе яшчэ ў верасні, але пакуль чакаем адказу. Нямецкая бюракратыя — гэта таксама выклік», — адзначае Алесь.

Тым не менш у «Разам» плануюць і далей займацца культурнымі праектамі:

«Хочам, каб у Германіі лепш разумелі, што Беларусь — гэта не толькі пра палітыку, але і пра культуру, пра людзей і гісторыю».

Каментары8

  • Жыве Беларусь
    03.04.2026
    Добрая справа!
  • Е
    03.04.2026
    Годны хлапец! Дзякуй бацькам!
  • Тамтой
    03.04.2026
    Ганка, бо слоўнікамі шчэ трэба ўмець карыстацца. Але выглядае, што нават не спрабавала, проста ляпнула тут і ўсё.

    Тамто́й ’той’ (Сцяшк. Сл., Вруб.; беласт., Сл. ПЗБ), там‑той ’вунь той’ (Байк. і Некр.), та́мты ’той, той там, той вунь там’: та́мты хлапе́ц (Ласт.), тамто́й: в тамтао́му ро́ці, в тамтао́му году́ ’летась’ (пін., ЛА, 2), тамто́је ’тое’ (Вруб.): та́мтая ле́та ’летась’ (астрав., ЛА, 2), та́м‑тэй ’вунь той’ (Нас.), ст.-бел. тамтый ’той’ (Ст.-бел. лексікон), фіксуецца ў старабеларускай мове з канца XV ст. (КГС); сюды ж вытворнае тамтэ́йшы ’немясцовы, нетутэйшы’ (Ласт.).

Орбан разгромна прайграў выбары ў Венгрыі. Апазіцыя атрымала канстытуцыйную большасць у парламенце47

Орбан разгромна прайграў выбары ў Венгрыі. Апазіцыя атрымала канстытуцыйную большасць у парламенце

Усе навіны →
Усе навіны

Чаму Расія атакуе Украіну «шахедамі» ўдзень: змена тактыкі з мэш-сістэмамі і палёты «статкамі»1

Віцебскі заапарк перанясуць у іншае месца

Украіна спрабавала ўдарыць па расійскім касмадроме Плясецк3

Камала Харыс можа зноў балатавацца ў прэзідэнты ЗША8

У Венгрыі асвоілі еўрапейскія паўтара мільёна даляраў, пабудаваўшы аўтаразвязку каля чыгункі, якой не існуе22

У Беларусі адзін за адным адмяняюць фестывалі. У чым прычына?6

У Ірландыі мужчына з сякерай атакаваў амерыканскі вайсковы самалёт ВІДЭА4

Дзесяцігадовая дзяўчынка папрасіла гендырэктара NASA зноў лічыць Плутон планетай. Ён ёй адказаў3

Памёр Ігар Ціткоўскі2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Орбан разгромна прайграў выбары ў Венгрыі. Апазіцыя атрымала канстытуцыйную большасць у парламенце47

Орбан разгромна прайграў выбары ў Венгрыі. Апазіцыя атрымала канстытуцыйную большасць у парламенце

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць