Амаль паўтары тысячы гектараў на Гомельшчыне больш не будуць лічыцца радыяцыйна небяспечнымі
Урад Беларусі прыняў рашэнне змяніць статус часткі зямель у Гомельскай вобласці, якія раней лічыліся радыяцыйна небяспечнымі пасля наступстваў Чарнобыльскай катастрофы. Гэта, як заяўляецца, зроблена для таго, каб вярнуць частку тэрыторый у гаспадарчае выкарыстанне, але з улікам кантролю бяспекі.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: «Наша Ніва»
У прыватнасці, землі ў 10‑ці раёнах (Брагінскім, Веткаўскім, Жлобінскім, Калінкавіцкім, Кармянскім, Лельчыцкім, Лоеўскім, Мазырскім, Рэчыцкім і Чачэрскім) перасталі лічыцца зонай адчужэння. Гэта каля 940 гектараў — цяпер іх можна выкарыстоўваць для сельскай гаспадаркі або іншых патрэб.
Яшчэ каля 378,7 гектара не сталі цалкам «чыстымі», але іх статус змякчылі: з поўнай забароны яны перайшлі ў катэгорыю зямель з абмежаваным выкарыстаннем. Гэта значыць, што там можна весці гаспадарку, але з пэўнымі абмежаваннямі і пастаянным кантролем.
У суме ў гаспадарчы абарот вернуць 1318,8 гектара. Раней гэтыя тэрыторыі не выкарыстоўваліся з-за рызыкі радыяцыйнага забруджвання.
Улады падкрэсліваюць, што выкарыстанне гэтых зямель будзе строга кантралявацца. Гэта тычыцца і саміх участкаў, і прадукцыі, якая там будзе вырошчвацца або вырабляцца, каб яна адпавядала нормам бяспекі.
Чытайце таксама:
У бязлюднай зоне адчужэння на Гомельшчыне пачалі будаваць некалькі вышак сувязі
Белгідрамет расказаў, што з радыяцыяй у Беларусі пасля інцыдэнту на Чарнобыльскай АЭС
Замежны брэнд выпусціў правакацыйную лінію адзення на тэму Чарнобыля