Назвалі імя магчымага стваральніка біткойна
Газета The New York Times у сваім расследаванні назвала верагодным стваральнікам біткойна брытанскага крыптографа Адама Бэка. Паводле версіі выдання, менавіта ён можа хавацца пад псеўданімам Сатошы Накамота — адной з галоўных загадак крыптарынка апошніх 17 гадоў.
Адам Бэк. Фота: Joi Ito / flick
Адам Бэк — вядомая фігура ў крыптасупольнасці. Ён быў удзельнікам руху Cypherpunks і яшчэ ў 2002 годзе стварыў сістэму Hashcash для барацьбы са спамам. Гэтая тэхналогія пазней была згаданая ў дакуменце, які апісвае прынцыпы працы біткойна.
Журналісты звяртаюць увагу на шэраг супадзенняў: меркаванае брытанскае паходжанне Накамота, удзел у крыптаграфічных дыскусіях, адпаведны ўзровень ведаў, а таксама падабенствы ў мове і поглядах на электронныя грошы. Акрамя таго, яшчэ ў 1990‑х Бэк апісваў ідэі, якія пазней сталі асновай біткойна: дэцэнтралізаваную сетку, абмежаваную эмісію і абарону ад падвойных плацяжоў.
Сам Бэк адмаўляе, што ён стварыў біткойн, і называе ўсе супадзенні выпадковымі. Прамых доказаў у журналістаў няма. Дакладна пацвердзіць асобу стваральніка можна было б толькі праз доступ да яго крыптакашалька — напрыклад, здзейсніўшы транзакцыю або падпісаўшы паведамленне.
Калі гэтая версія калі-небудзь пацвердзіцца, гэта можа моцна паўплываць на рынак. Лічыцца, што Накамота валодае каля 1,1 мільёна біткойнаў, і любы іх рух можа выклікаць рэзкія змены цаны. Акрамя таго, раскрыццё асобы паставіла б пад пытанне ідэю поўнай дэцэнтралізацыі біткойна.
Газета таксама вывучыла іншых кандыдатаў. Сярод іх — Нік Саба, Хэл Фіні, Лен Сасаман, Пітэр Тод і Крэйг Райт. Але ніводзін з гэтых кандыдатаў не падышоў пад апісанне стваральніка галоўнай крыптавалюты свету.
Чытайце таксама:
Крыптабіржа выпадкова раздала біткойнаў на 40 мільярдаў даляраў
Бутан выдзеліць 10 тысяч біткойнаў на развіццё футурыстычнага «Горада ўсвядомленасці»
Золата, акцыі, нерухомасць. Куды лепей інвеставаць у 2026 годзе