БЕЛ Ł РУС

Сахашчык купіў даччыную кампанію вялікага расійскага анлайн-рытэйлера ў Бельгіі

9.04.2026 / 13:56

Nashaniva.com

Пасля адыходу з пасады «міністра абароны» Ціханоўскай у жніўні 2024‑га Валерый Сахашчык засяродзіўся на развіцці сямейнага бізнэсу ў Польшчы. А месяц таму Валерый Сахашчык купіў бельгійскую кампанію Bygalamart B.V.

Так выглядаў сайт ByGalamart, якім расіяне збіраліся скарыць бельгійскага пакупніка. Фота: web.archive.org

Bygalamart B.V. — гэта ў мінулым бельгійская даччыная кампанія вялікай расійскай рытэйлавай сеткі «Галамарт».

«Галамарт» запусціўся ў Бельгіі ў 2019‑м і прадаваў праз сайт бытавую тэхніку, кераміку і кухонны посуд 

Кампанія не выйшла на ўстойлівы прыбытак, а па выніках 2022 года паказала глыбокі мінус. Пачынаючы з 2023 года, яе пачалі рыхтаваць на продаж: з балансу знік склад, запазычанасці выплацілі, балансавы кошт кампаніі зраўняўся з сумай статутнага фонду — 25 тысяч еўра.

З 1 сакавіка 2026‑га ў Bygalamart B.V. змяніліся ўласнік і кіраўніцтва. 100% акцый кампаніі цяпер належыць Валерыю Сахашчыку. А дырэктарам стаў украінец Максім Драбязгоў — аперацыйны менеджар у польскай будаўнічай сямейнай кампаніі Сахашчыкаў «Sahaty». 

Валерый Сахашчык

У 2024 годзе польскі «Sahaty» паказаў каля 145 тысяч еўра прыбытку пры абароце троху менш за 16 мільёнаў еўра.

Рынак Бельгіі Сахашчык асвойвае з канца 2023 года. Самы значны праект — удзел у будаўніцтве буйнога жылога комплексу ў Мехелене.

Валоданне бельгійскай кампаніяй у тэорыі спросціць Сахашчыкам удзелы ў падрадных конкурсах і тэндарах, а таксама спросціць працаўладкаванне супрацоўнікаў, у прыватнасці, беларусаў з працоўнымі візамі. 

Перавага ў куплі такой кампаніі перад адкрыццём новай у тым, што ў яе ўжо ёсць крэдытная гісторыя і адкрытыя рахункі.

Чытайце таксама: Сахашчык пачаў продажы кватэр у сваім новым праекце пад Варшавай

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула