Мадзьяр: Сіярта паехаў у МЗС знішчаць важныя дакументы
Петэр Мадзьяр, які па выніках учарашніх выбараў у Венгрыі мае стаць новым прэм’ер-міністрам Венгрыі, заявіў на прэс-канферэнцыі, што дзейны міністр замежных спраў Пётр Сіярта нікуды не знік, як меркавалі раней, а знаходзіцца ў Будапешце, піша «Еўрапейская праўда».
Петэр Сіярта (злева) з міністрам замежных спраў Расіі Сяргеем Лаўровым
Па словах Мадзьяра, Сіярта прыбыў у Міністэрства замежных спраў раніцай разам са сваёй калегай і нібыта займаецца знішчэннем важных дакументаў, звязаных з санкцыямі. Пры гэтым Мадзьяр сцвярджае, што падобнае адбываецца не толькі ў міністэрстве, але і ў іншых дзяржаўных установах, і параўноўвае гэта з практыкамі часоў камунізму.
Ён таксама адзначыў, што новая ўлада пакуль не валодае поўнай інфармацыяй пра шэраг міжнародных дамоўленасцяў і сакрэтных рашэнняў урада. Акрамя таго, Мадзьяр заявіў, што папярэдні ўрад мог браць пазыкі на невядомых умовах, пра якія цяпер нічога не вядома.
Таму адной з галоўных задач новай улады ён назваў атрыманне і вывучэнне ўсіх дакументаў.
Раней у венгерскіх СМІ звярнулі ўвагу, што Сіярта доўгі час не з’яўляўся публічна пасля таго, як стала вядома пра паразу партыі Віктара Орбана на выбарах.
Чытайце таксама:
Венгрыя і Расія ў канцы мінулага года ўзгаднілі 12 пунктаў далейшага збліжэння
Апублікавалі праслухоўку тэлефонных размоў Лаўрова і Сіярта
ЕС адхіліў Венгрыю ад унутраных перамоў і сакрэтнай інфармацыі з-за боязі ўцечак у Расію