БЕЛ Ł РУС

У Беларусі з’явіўся небяспечны шкоднік, які нішчыць дрэвы

14.04.2026 / 21:54

Nashaniva.com

У Беларусі зафіксавана першае з’яўленне аднаго з самых небяспечных шкоднікаў дрэў — ясеневай смарагдавай златкі. Насякомае выявілі ў Гомелі, паведамілі спецыялісты службы каранціну і аховы раслін.

Ясеневая смарагдавая златка

Гэты жук паспеў праславіцца як сапраўдны «забойца ясеняў» у іншых краінах: ён знішчае дрэвы знутры і здольны за кароткі час загубіць цэлыя насаджэнні.

Галоўную пагрозу ўяўляюць не дарослыя асобіны, а лічынкі. Яны прагрызаюць хады пад карой, разбураючы жыццёва важныя тканкі дрэва. Вонкава ўсё пачынаецца незаўважна: крона радзее, лісце жоўкне раней часу, галінкі засыхаюць. А праз 1‑3 гады дрэва цалкам гіне.

Спецыялісты папярэджваюць: пры масавым распаўсюджванні лік можа ісці на сезоны — ясені могуць знікаць за адзін-два гады.

Распазнаць шкодніка можна па характэрных прыкметах: на ствалах з’яўляюцца невялікія D-падобныя адтуліны, а пад карой — звілістыя «лабірынты». Сам жук — яркі, смарагдава-зялёны, з металічным бляскам.

Небяспека ўзмацняецца тым, што златка лёгка распаўсюджваецца — з драўнінай, саджанцамі, упакоўкай і нават транспартам.

Цяпер галоўная задача — не дапусціць яе распаўсюджвання па краіне. Жыхароў просяць быць асабліва ўважлівымі: пры самых першых прыкметах пашкоджання дрэў або выяўленні падазроных насякомых неабходна тэрмінова паведамляць спецыялістам.

Ад хуткасці рэакцыі залежыць, ці ўдасца спыніць новага небяспечнага шкодніка.

Чытайце таксама:

Калекцыя тэкстылю і кніг з нямецкага Ляймэна прыбыла ў Віленскі беларускі музей разам з жуком-скураедам

Белавежская пушча аб'явіла вайну інвазіўным дубам

Мільёны малюскаў з Прычарнамор’я захапілі Жэнеўскае возера — гэта катастрофа для экасістэмы

У Баранавічах у парку паставілі адпужвальнік для птушак. Але ён адпужвае таксама і людзей

Каментары да артыкула