БЕЛ Ł РУС

У Беларусі распрацавалі лекавыя плёнкі, якія могуць замяніць таблеткі і ўколы

15.04.2026 / 15:57

Nashaniva.com

Маладыя навукоўцы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта стварылі новы від лекавых сродкаў — спецыяльныя плёнкі, якія раствараюцца ў роце. Яны выглядаюць як тонкія палоскі і ўтрымліваюць вітаміны, раслінныя дабаўкі або лекі, піша sb.by.

Асаблівасць гэтай распрацоўкі ў тым, што дзейнае рэчыва трапляе ў арганізм адразу праз слізістую абалонку рота, абмінаючы страўнік і печань. Дзякуючы гэтаму эфект наступае вельмі хутка. Плёнкі раствараюцца за некалькі секунд і не патрабуюць запівання вадой.

Такі фармат асабліва зручны ў сітуацыях, калі патрэбная хуткая дапамога — напрыклад, пры болі, алергіі, кашлі, дыярэі або марской хваробе. Таксама ён пасуе дзецям, пажылым людзям і тым, хто мае цяжкасці з глытаннем.

Распрацоўшчыкі адзначаюць, што гэтыя плёнкі могуць стаць альтэрнатывай звычайным таблеткам, сіропам і ўколам, якія не заўсёды зручныя або маюць абмежаванні ў выкарыстанні.

Пры вытворчасці выкарыстоўваюцца біяраскладальныя матэрыялы, што адпавядае прынцыпам экалагічнай хіміі. Тэхналогія ўжо прыстасаваная да прамысловага выпуску, хоць у Беларусі такіх вытворчасцяў пакуль няма, таму праект лічыцца ўнікальным.

Цяпер навукоўцы працуюць над пашырэннем складу і паляпшэннем смаку плёнак, бо некаторыя кампаненты маюць горкі прысмак. Ужо створаныя варыянты з супрацьвірусным, супрацьалергічным, супрацьдыярэйным дзеяннем, а таксама сродкі, што дапамагаюць пры кашлі.

Распрацоўку зрабілі маладыя даследчыцы Таццяна Бязносік і Марыя Гуновіч разам з навуковымі кіраўнікамі Дзмітрыем Грыншпанам і Марыяй Савіцкай. Праект ужо атрымаў высокую ацэнку на конкурсе медыцынскіх стартапаў, і ім зацікавіліся беларускія фармацэўтычныя прадпрыемствы. Гэта дае шанец, што ў будучыні такія плёнкі пачнуць выпускаць і шырока выкарыстоўваць.

Чытайце таксама:

Мінздароўя анансавала мабільны дадатак, праз які можна будзе запісацца да доктара і замовіць медпаслугі

Што часцей за ўсё становіцца прычынай інсультаў да 45 гадоў

Ад страты касцявой масы да пагаршэння зроку: як космас уплывае на арганізм чалавека

Каментары да артыкула