БЕЛ Ł РУС

У Навагрудку разбураюць кляштар навагрудскіх мучаніц, якія ахвяравалі сваімі жыццямі за мясцовых жыхароў

15.04.2026 / 18:02

Ф. Раўбіч

У Навагрудку ідзе радыкальная рэканструкцыя драўлянага кляштара назарэцянак, з якога ў 1943 годзе адзінаццаць сясцёр пайшлі на расстрэл, каб уратаваць мясцовых жыхароў. Частка кляштара ўжо знесена, з іншай знялі шалёўку і вокны. 

Рэканструкцыя кляштара назарэцянак. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»

Як паведамляе тэлеграм-канал «Спадчына», маштабная рэканструкцыя кляштара па вуліцы 1 Мая, 26, пабудаванага з дрэва ў 1933 годзе, не мае пашпарта, таму дакладна невядома што адбываецца з аб'ектам і хто за гэтым стаіць.

Рабочыя ўжо дэмантавалі арыгінальную драўляную ашалёўку, старыя вокны і дзверы, разбіраюць дах і цалкам знеслі заходняе крыло будынка. 

Кляштар назарэцянак да рэканструкцыі. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»

Рэканструкцыя кляштара назарэцянак. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»

Рэканструкцыя кляштара назарэцянак. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»

Каштоўнасць гэтага месца вымяраецца перш за ўсё не архітэктурнымі вартасцямі, а сувяззю з гістарычнымі падзеямі. Улетку 1943 года Навагрудчына трапіла пад жорсткую карную аперацыю «Герман». У ноч на 18 ліпеня гестапа арыштавала каля 120 мясцовых жыхароў і ксяндза Аляксандра Зянкевіча з мэтай іх далейшага расстрэлу. Марыя Стэла (Адэля Мардасевіч) і яшчэ дзесяць сясцёр-назарэцянак, якія жылі ў кляштары, прапанавалі акупацыйным уладам уласныя жыцці ў абмен на арыштаваных. Немцы пагадзіліся: гараджан адправілі на прымусовыя працы ў Рэйх, дзякуючы чаму ўсе яны перажылі вайну.

Навагрудскія мучаніцы. Фота: Catholic.by

Адзінаццаць манашак былі расстраляныя 1 жніўня 1943 года ў Батароўскім лесе. У 2000 годзе Папа Ян Павел II прылічыў іх да ліку блажэнных, а самі назарэцянкі сталі адным з галоўных сімвалаў духоўнага супраціву нацызму ў Беларусі.

Афіцыйнага статусу помніка, нягледзячы на сваё велізарнае значэнне, кляштар назарэцянак дагэтуль не мае. Аднак парадокс гэтай радыкальнай рэканструкцыі ў тым, што сёння будынкам на вуліцы 1 Мая валодае Кангрэгацыя Сясцёр Місіянерак Святой Сям'і, якая размясціла там свой цэнтр.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула