БЕЛ Ł РУС

Ці магчымы другі Чарнобыль? І што цяпер робяць людзі на той АЭС? Навукоўка адказвае на важныя пытанні

26.04.2026 / 17:13

Вера Белацаркоўская

«Калі пакладзеш побач з каструляй капусту і цыбулю, у цябе не атрымаецца суп. Так і з Чарнобылем». Пагутарылі з навукоўкай Янай Карслян пра ўсё тое, чаго вы маглі не разумець у Чарнобылі праз 40 гадоў пасля катастрофы.

Уезд у Палескі радыяцыйны запаведнік — беларускую зону адчужэння.

Чаму рэшткі энергаблока, які выбухнуў, не залілі проста бетонам і як там працуюць людзі

Цяпер рэшткі чацвёртага энергаблока ЧАЭС, разбуранага пасля аварыі, пакрывае велізарная металічная канструкцыя — Новы бяспечны канфайнмент, ці, як яе яшчэ называюць, «Арка». Яна функцыянуе з 2019-га.

Навошта было выдаткоўваць на яе больш за 2 мільярды даляраў? Чаму проста не заліць усё бетонам?

Яна тлумачыць:

«Тое, што энергаблок разбураны, не азначае, што можна яго проста заліць бетонам — там патрэбны кантроль. Увогуле, на радыёактыўныя матэрыялы немагчыма забыцца, бо яны пастаянна выдзяляюць цяпло, радыяцыю, рэагуюць на знешнія фактары накшталт вільготнасці».

Асноўны кампанент бетона — вада, яна нейтронны мадэратар, то-бок запавольвае нейтроны, а значыць дапамагае ім больш эфектыўна расшчапляць уран. У такім выпадку можа павялічвацца верагоднасць адвольнай ланцуговай рэакцыі.

«Таксама ў нас няма матэрыялаў, якія былі б вельмі танныя, каб імі можна было там усё заліць і забыцца. Такія матэрыялы павінны доўга ўтрымліваць стабільнасць у тых экстрэмальных умовах, мець добрую цеплаправоднасць і не ўплываць на ядзерныя рэакцыі. 

Рэакцыі тлення пад саркафагам нельга спыніць, іх можна толькі кантраляваць. З гэтым і дапамагае цяперашняя сістэма», — кажа Яна. Гаворка пра тое, што «Арка» нашпігаваная датчыкамі для маніторынгу абстаноўкі.

Яна Карслян. Фота: «Штодзень»

Можа здзівіць тое, што на станцыі дагэтуль працуюць людзі. Там сапраўды бяспечна?

«Адносна таго, як было раней — так, бяспечна. Адносна ўмоўнага аддаленага вострава на Гаваях — не, бо ўсё ж такі радыяцыйны фон на станцыі крыху падвышаны. У зонах адсялення працуюць нормы, каб доза выпраменьвання на год была меншая за 1 мЗв на год, і гэта блізка да таго, што людзі могуць атрымаць ад прыроднага фону недзе высока ў гарах, але ўсё ж на больш высокім баку нормы».

Яна расказвае пра прынцып ALARA, які расшыфроўваецца па-англійску як «As low as reasonably achievable» — то-бок чым ніжэйшы ўзровень радыяцыі, тым лепш, але ў межах рацыянальнасці. Навукоўцы не гоняцца за тым, каб максімальна знізіць узровень атрыманага выпраменьвання, калі гэта патрабуе занадта вялікіх чалавечых ці фінансавых рэсурсаў. І калі трымацца гэтага прынцыпу, можна казаць пра бяспеку.

«Калі пакладзеш побач з каструляй капусту і цыбулю, у цябе не атрымаецца суп. Так і з Чарнобылем»

А што людзі цяпер робяць на станцыі? Яна кажа, што «Арка» патрабуе маніторынгу для бяспекі, і тут не абысціся без людзей. Ідзе праца над тым, каб прыцягнуць для такіх задач робатаў, але ж тэхналогіі для гэтага пакуль недасканалыя.

Навукоўка разважае: калі б ёй самой спатрэбілася ехаць на ЧАЭС па працы, яна б не баялася, бо сітуацыя там стабільная. Але па тым жа прынцыпе ALARA такіх паездак лепш пазбягаць, калі паездка не прынясе грамадскай карысці. 

Праз расійскія абстрэлы ЧАЭС перыядычна застаецца без электрычнасці. Што калі станцыя на больш доўгі час будзе без электрычнасці? А калі на ёй не застанецца ні аднаго супрацоўніка?

«Гэта не будзе катастрофай і другім Чарнобылем, але будзе іншая рызыка. Праз усе тыя рэакцыі тлення там пастаянна выдзяляецца цяпло, яго трэба адводзіць, а калі гэта не рабіць, можа ўзмацніцца рух радыёактыўнага пылу, а той пыл — асноўная праблема там.

Від на Новы бяспечны канфайнмент з Беларусі.

З радыёактыўнымі матэрыяламі нічога не зробіш, тыя новыя ізатопы, што мы там стварылі, проста трэба не чапаць і маніторыць, каб яны самі па сабе не рухаліся. Можа здарыцца іх невялікая міграцыя, то-бок перамяшчэнне часцінак у межах зоны, невялікія лакальныя ўзбуджэнні фону, але гэта праблема лакальнага маштабу», — кажа Яна.

З пачаткам поўнамаштабнай вайны паўстала яшчэ адно пытанне. Тэрыторыя вакол станцыі трапляе пад абстрэлы, і ў лютым 2025‑га ў «Арку» трапіў расійскі дрон. Пад дахам саркафага пачаўся пажар.

Але ж, як кажуць на ЧАЭС, саркафаг не страціў свае функцыі. І Яна пацвярджае, што такія выпадкі — не самае страшнае:

«Такое пашкоджанне, вядома, было б праблемай, але гэта не другі Чарнобыль. Пацярпіць сам канфайнмент, але пыл пры гэтым не будзе ляцець з яго далёка і ва ўсе бакі».

А ці могуць на станцыі паўтарыцца падзеі красавіка 1986-га? Яна ўпэўненая, што не:

«Новы выбух немагчымы. У 1986‑м адбыўся выбух, бо людзі рабілі эксперымент, каб праверыць, якія ўмовы для працы станцыі бяспечныя, і рабілі для гэтага шмат адмысловых дзеянняў. Не так проста дасягнуць таго, каб некантраляваная ланцуговая рэакцыя стала верагоднай. 

Калі пакладзеш побач з каструляй капусту і цыбулю, у цябе не атрымаецца суп сам па сабе. Так і з Чарнобылем. Каб адбыўся выбух таго ж маштабу, як у 1986-м, для гэтага трэба шмат зрабіць».

Якія небяспечныя ізатопы засталіся

У апошнія гады шмат кажуць пра небяспеку амерыцыя-241. Гэта радыёактыўны ізатоп, які ўтвараецца праз распад плутонію-241 і цяпер назапашваецца на забруджаных землях.

Яна тлумачыць, што амерыцый-241 — гэта альфа-выпраменьвальнік. З трох відаў радыяцыйнага выпраменьвання (альфа-, бета– і гама-часцінкі) альфа-выпраменьванне мае найбольшую шкоду, калі трапіць унутр. Але пры гэтым ад яго прасцей за ўсё абараніцца: калі гама-прамяні часткова праходзяць праз бетон, то альфа-часцінкі можа спыніць аркуш паперы.

Колькасць амерыцыю, кажа Яна, сапраўды павялічваецца, але ёсць нюанс:

«Гэта не адзіны доўгажывучы небяспечны ізатоп там. І амерыцый — гэта ўсё яшчэ альфа-выпраменьвальнік, які не стварае вялікай пагрозы, калі ён пад саркафагам, бо альфа-часцінкі не праходзяць праз саркафаг».

Будынак у зоне адчужэння.

І пры гэтым лакальная катастрофа ўсё яшчэ магчымая:

«Будзе страшная бяда, калі разбурыцца канфайнмент і альфа-часцінкі трапяць вонкі. Але ў такім жудасным сцэнары мы не будзем хвалявацца праз нейкі асобны ізатоп, бо небяспечных ізатопаў там шмат. Ды і каб разбурыць канфайнмент, трэба вялікая сіла, якая сама па сабе стане праблемай.

Амерыцый — гэта не цэзій ці стронцый, якія лёгка ўбудоўваюцца ў арганізм, бо яны натуральныя. Амерыцый не натуральны, гэта элемент, які людзі самі стварылі ў рэактарах, і гэта з пункту гледжання эвалюцыі здарылася адносна нядаўна. Таму прырода не ўмее яго хутка рухаць па харчовых ланцужках, ён даволі нерухомы і яго ядры атамаў самі па сабе вялікія. Калі ён трапляе ў чалавека, то застаецца там надоўга». 

Асноўныя праблемныя ізатопы цяпер і найбліжэйшы час — гэта цэзій-137 і стронцый-90. У іх да таго ж высокая біялагічная мабільнасць, бо яны натуральныя. 

Амерыцый-241 — не той ізатоп, які лёгка распаўсюджваецца па навакольным асяроддзі. Але ёсць адно небяспечнае выключэнне — радыёактыўны пыл. Калі ў зоне забруджвання пажар або калі засуха і вецер узнімае пыл у паветра, тыя самыя альфа-часцінкі амерыцыю могуць пераносіцца. Людзі могуць удыхаць такі пыл і ў выніку пераносіць амерыцый проста ў лёгкіх.

Забыцца на Чарнобыль? Праз 10 тысяч гадоў

Навукоўка лічыць, што сёння нам не стае адкрытых даных пра наступствы аварыі на ЧАЭС — мала статыстыкі і незалежнага маніторынгу, затое шмат спекуляцый.

«Чарнобыльскі шлях» у Вільні, 2023 год.

Што чакае забруджаныя землі ў будучыні? Яна разважае, што цалкам пакінуць чарнобыльскую аварыю ў мінулым чалавецтва зможа толькі праз 10 тысяч гадоў, калі пройдзе перыяд паўраспаду плутонію, а актыўнасць іншых небяспечных ізатопаў зраўняецца з прыродным радыяцыйным фонам. Але фон у зоне забруджвання значна палепшыцца ўжо праз 300 гадоў, бо адбудзецца паўраспад стронцыя-90 і цэзія-137.

Беларуская зона, Палескі радыяцыйны запаведнік, яшчэ шмат часу не ператворыцца ў турыстычны рай: 

«Гэта будзе зона, якую ўсе будуць абыходзіць. На мой погляд, неабходнасці ў турах туды няма, а рызыка ў тых паездках ёсць, і гэта не пужалкі пра рак ці смерць. Проста арганізм атрымае дадатковую нагрузку праз павышаны радыяцыйны фон і чалавеку спатрэбіцца час на аднаўленне», — кажа Яна.

Чытайце таксама:

Дзявятая планета Сонечнай сістэмы: ці блізкія мы да разгадкі яе таямніцы?

Пяць тэхналогій, якія могуць радыкальна змяніць свет у бліжэйшыя 25 гадоў

У сеціве вірусяцца фоты рознакаляровага Месяца. Ён сапраўды такі?

Каментары да артыкула