БЕЛ Ł РУС

«Апошні трактар ​​забярэ банк». Як фермер пабудаваў унікальны бізнэс, але праз 30 гадоў усё страціць

16.04.2026 / 08:57

Nashaniva.com

Гэты бізнэс зараджаўся ў дзевяностых у Дзяржынскім раёне літаральна ў голым полі — без мільёнаў, на энтузіязме і вялікай веры ў казінае малако. А потым беларусы патроху раскаштавалі новы прадукт і ўсё казінае: сыры, тварог, ёгурт. Так атрымалася найбуйнейшая ў краіне казіная ферма «ДАК» — круты лакальны брэнд і бонусам папулярны кукурузны лабірынт. Сёння абсталяванне спынена, маёмасць апісана, кампанія падала на ліквідацыю, а Дзмітрый Крылоў падводзіць сумны вынік фермерства: «Укладаў 30 гадоў — і застаўся вінаваты ўсім». Гісторыю распавядае Onliner.

Яшчэ год таму мы зараблялі»

У самым пачатку тут не было ні электрычнасці, ні дарог — толькі мары пра фермерства, якое магло б пракарміць сям'ю.

Былы інжынер-электроншчык Дзмітрый прамяняў камп'ютары на доступ да зямлі. Што менавіта і як вырошчваць тады не ведаў, але пачаў з гародніны і грэчкі.

Потым быў нядоўгі перыяд, калі сям'я занялася свінагадоўляй — і гэта практычна разарыла іх, калі знялі ўвазныя пошліны і трэба было канкурыраваць з польскай свінінай.

Але проста так зямлю і дом кідаць не хацелася. І тут з'явілася ідэя з казіным малаком: дзяржава ў гэтую нішу не ішла, а Крыловы рызыкнулі ўсім, што засталося, і пачалі скупляць мясцовых коз у людзей. Праз нейкі час зразумелі: так няправільна, купілі сотню «правільных» (гэта значыць племянных) коз зааненскай пароды з краін Балтыі.

Паступова развівалі сваю вытворчасць — не проста малако, а казіны сыр і ёгурты — рэдкасць для беларускага рынку, калі яшчэ не было такога трэнду на імпартазамяшчэнне. Беларускія заводы браць казінае малако на перапрацоўку не хацелі, таму Крылоў паехаў у Польшчу і прывёз адтуль веды, як варыць сыр.

Практычна 20 гадоў Дзмітрый збіраў інфармацыю, як павінна працаваць самая сучасная казіная ферма.

— Я не ездзіў проста адпачываць, усе паездкі так ці інакш былі звязаныя з фермай: выставы, гандлёва-прамысловыя палаты, нейкія дзелавыя місіі. Аб'ездзіў Еўропу, Амерыку, Кітай, розныя конкурсы — у выніку месца для штампаў скончылася раней, чым тэрмін дзеяння самога пашпарта.

У 2018 годзе на казінай ферме пачалі вялікае маштабаванне, якое падзяліла ўсё на «да» і «пасля». Паводле задумы, ферма павінна была ператварыцца ў вялікі сучасны малочна-таварны комплекс на 1600 коз з новымі для краіны відамі прадукцыі. Для параўнання: да старту праекта коз было 390, калі не ўлічваць зусім маладых жывёл.

На ферме з'явілася новая даільная ўстаноўка, якая не проста паскарала працэсы, а счытвала інфармацыю па кожнай казе, улічвала, колькі яна дае малака, і выдавала патрэбны аб'ём камбікорму. У Еўропе аналагічнае абсталяванне прапаноўвалі за €500 тыс., унутры краіны атрымалася зрабіць за 420 тыс. рублёў.

Праект новай фермы фінансаваўся з трох крыніц: 3,5 млн прадаставіў інавацыйны фонд Мінскай вобласці, яшчэ 7 млн абяцаў Банк развіцця, былі і свае сродкі. На гэтым этапе пачаліся першыя цяжкасці.

— За месяц трэба было асвоіць 2,5 млн. Як гэта магчыма, калі я не будаўнічы трэст, а проста маленькі фермер? У выніку мы асвоілі інавацыйныя грошы за год, і практычна палова комплексу ўжо была пабудаваная.

Тым часам у Банку развіцця перагледзелі планы і замест першапачатковай сумы выдзелілі 4,5 млн, гэта значыць ад часткі запланаваных аб'ектаў прыйшлося адмовіцца.

Не атрымала фінансавання ідэя з круглагадовым зялёным кормам — гідрапоннай устаноўкай, рэканструкцыя перапрацоўчага цэха, лабараторыя штучнага асемянення.

— Усё гэта выклікала новыя ўзгадненні. Бізнэс-план прыйшлося перарабляць, зноў праходзіць экспертызы — і экалагічную, і будаўнічую. Будаўнічы праект падзяліўся на чаргі і пускавыя комплексы.

А паралельна дадаліся новыя патрабаванні: напрыклад, рэзервовая свідравіна, дадатковы водаправод, пажарныя рэзервуары — абавязковыя пункты пры бюджэтным фінансаванні.

— Будоўля зацягнулася на лішніх паўтара года, а статак рос. У будынку, які змяшчае 400 коз, ужо стаяла 600 дарослых і яшчэ 300 маладняку. Падчас будоўлі мы атрымалі распаўсюджванне хваробы — для чалавека яна не небяспечная, але скарачае тэрмін жыцця казы.

Калі інфекцыю выявілі, паўстала пытанне аб знішчэнні ўсяго статка. У выніку ўдалося дабіцца змяненняў у падыходах: замест поўнага знішчэння дазволілі паступовае аздараўленне жывёл.

— Мы разумелі, што без дадатковага фінансавання нам будзе вельмі цяжка. Таму ў 2022 годзе пераўтварылі фермерскую гаспадарку ў таварыства з абмежаванай адказнасцю, каб у яго мог увайсці інвестар.

На гэтым складанасці не скончыліся. У 2023 годзе гаспадарка патрапіла пад цэнавае рэгуляванне.

— Усе малочныя прадукты лічыліся сацыяльна значнымі — не толькі з каровінага малака, з казінага таксама. На працягу 2022 года мы свядома не падвышалі цану: у цэлым не было такой неабходнасці, у нас эканоміка больш-менш складалася. У 2023‑м падаражэлі кармы, упакоўка, лагістыка, выраслі заробкі — а мы не можам падняць цану.

Пазней удалося дабіцца змяненняў, казіную прадукцыю вывелі з-пад гэтых абмежаванняў, але да таго моманту фінансавая сітуацыя моцна пагоршылася.

— За 2024 год прадпрыемства дасягнула 40% планаванай магутнасці, але на вырошчванні было шмат маладняку, і ў адсутнасць інвестара прыйшлося браць дадатковыя крэдыты, каб прайсці перыяд выхаду на акупнасць. А тут яшчэ і стаўкі выраслі. Прадпрыемства ўжо прыносіла аперацыйны прыбытак, але недастатковы.

Ферма расла павольней, чым фінансавыя абавязацельствы і крэдытная нагрузка. Мы ўжо зараблялі каля 30 тыс. прыбытку ў месяц, але аддавалі 60 тыс. банкам і за лізінг. У маі 2025 года адбыўся першы касавы разрыў. Вясна заўсёды затратная. Пачалася цякучка кадраў, я выкручваўся як мог, скарачаў выдаткі, займаў грошы… Банкі больш нам нічога не давалі.

У жніўні мінулага года пайшлі першыя за 20 гадоў пратэрміноўкі па крэдытах, трэба было пагашаць асноўны доўг Банку развіцця. Праблемы ператварыліся ў лавіну: АПВ (Аддзел прымусовага выканання) заблакаваў рахункі, лізінгавая забрала крытычна патрэбную тэхніку, кармы не нарыхтавалі, штат скараціўся.

Паводле слоў Дзмітрыя, работнікаў прыходзілася шукаць па аб'яве і нават займаць грошы на заробкі.

— Два-тры месяцы спрабавалі так працаваць: хтосьці прыязджаў, дапамагаў. Але бывала і такое, што раніцай гаспадарка «стаіць»: козы не падоены, нічога не зроблена, работнікі сышлі. Узялі часовага трактарыста, яшчэ нічога не паспелі паказаць, а трактар згарэў. Гэта было гора.

З-за даўгоў за электраэнергію ферме адключылі адзін з двух трансфарматараў. На ферме застаўся апошні трактар, і той хутка забярэ банк.

— Ужо ў студзені мы разумелі, што не перажывём 2025 год без падтрымкі. Толькі да лета 2026‑га мы ўпэўнена выходзілі на 900 дойных коз, 65% магутнасці і самаакупнасць. Але для гэтага трэба было прайсці яшчэ адзін цыкл нараджэння казлянят і ўводу маладняку ў дойны статак.

Нам не хапала 450 тыс., каб выканаць усе абавязацельствы. І страціўшы надзею, што падключыцца хтосьці з прыватных інвестараў, мы сталі актыўна звяртацца ў дзяржаўныя структуры. Прапаноўвалі, каб нас далучылі да буйной гаспадаркі або выкупілі долю, каб грошы пайшлі на развіццё і можна было выйсці на акупнасць. Але сельская гаспадарка ў прынцыпе доўгі, рызыкоўны бізнэс. Перамоў, лістоў, размоў было шмат. Але ўсё марна.

Вытворчасць згарнулася. Там, дзе было жыццё, цяпер пустыя паліцы і спыненае абсталяванне.

«Трэба сказаць дзякуй усім людзям»

Восенню Дзмітрый Крылоў адкрыў дабрачынны рахунак і распавёў пра сітуацыю ў Instagram.

— Распавядаць пра праблемы не хацелася: з дзяцінства прывучаны не выносіць смецце з хаты. Але трэба было ратаваць коз.

Пачуцці неяк разрываюць. З аднаго боку, мне сорамна, што я трапіў у гэтую яму. Разумееце? Калі ты прадпрымальнік, значыць, павінен знайсці выхад. А тут б'ешся, б'ешся — і ўсё ніяк.

Але ўсё роўна… Ты прымаў ключавыя рашэнні — ты і адказваеш за вынік. Так мяне вучылі. Значыць, у чымсьці пралічыўся, недзе быў непераканаўчы.

З іншага боку, азіраючыся назад, трэба адзначыць: мы ж многага дасягнулі — усё з нуля, на голым месцы. Першая козаферма ў Беларусі, першая племянная гаспадарка па козах, першыя вытворцы сыроў з казінага малака, першы кукурузны лабірынт, першая ў СНД карусельная дойка для коз айчыннай вытворчасці — ёсць чым ганарыцца.

Быў станоўчы досвед супрацоўніцтва і з дзяржавай: рэканструкцыю першай фермы ў 2012 годзе правялі за ільготны крэдыт, ніякіх пратэрміновак ніколі не дапушчалі.

Дапамога людзей дазволіла перажыць зіму, і з'явілася ўпэўненасць, што хаця б жывёл яшчэ можна выратаваць.

— Калі ў кастрычніку 2025 года мы адкрылі дабрачынны рахунак і папрасілі аб дапамозе, адгукнулася шмат людзей. Пераводзілі па 5 рублёў, па 15, па 50. Сабралі каля 35 тыс. Мне б хацелася кожнаму асабіста сказаць дзякуй, але гэта немагчыма: на рахункі прыходзяць проста сумы, без дадзеных адпраўнікоў — мы не бачым, хто гэта пералічыў. Асобная падзяка некалькім прадпрымальнікам, якія знайшлі магчымасць аказаць істотную падтрымку.

Восенню на практыку прыйшлі двое маладых ветэрынараў, якія дапамагалі даглядаць жывёл, зрабілі неабходныя прышчэпкі — дзякуючы гэтаму і дапамозе людзей удалося захаваць каля 700 коз.

Закрэдытаванасць гаспадаркі — менш за 6 млн рублёў, і сам бізнэс, паводле слоў Крылова, яшчэ можна было выратаваць. Але сітуацыю рэзка пагоршыла патрабаванне вярнуць грошы інавацыйнага фонду ў снежні — доўг вырас яшчэ на 3,5 млн.

— Хацелася захаваць адносіны з банкамі і дзяржавай, выканаць усе абавязацельствы. Бо балансавы кошт асноўных сродкаў — больш за 9 млн рублёў. Знос — 7%, усё новае. Агульны баланс — амаль 11 млн. Чыстыя актывы складалі 5,4 млн. То бок мы нібыта і не бедныя, гэта далёка не самая дрэнная карціна. Не хапала ўсяго 0,45 млн «абароткі».

Яшчэ адным варыянтам было ўключэнне гаспадаркі ў пералік прадпрыемстваў для фінансавага аздараўлення. У такім выпадку даўгі можна б было замарозіць, рэструктурызаваць і даць гаспадарцы час для развіцця і росту, каб затым паступова пагашаць доўг. Але гэта таксама не ўдалося.

Пры гэтым спробы запусціць санацыю ішлі да апошняга, кажа Дзмітрый Крылоў. Бізнэс мог бы атрымаць адтэрміноўку, каб выбрацца з даўгавой ямы, але ў выніку план санацыі сарваўся з-за патрабавання вярнуць грошы з інавацыйнага фонду, і шанец на аднаўленне бізнэсу фактычна знік.

Стала зразумела, што выбрацца з гэтай сітуацыі сваімі сіламі ўжо не атрымаецца: 20 лютага кампанія падала дакументы на добраахвотную ліквідацыю, за кошт чаго банкі прыпынілі налічэнне працэнтаў і пеняў, АПВ спыніў ціск. Але гэта азначае, што весці гаспадарчую дзейнасць ужо нельга, апошніх работнікаў прыйшлося звольніць.

Зараз ідзе ацэнка маёмасці, збіраюцца патрабаванні крэдытораў, а потым усё выставяць на аўкцыён, каб знайшоўся інвестар. Па працэдуры гэта павінна адбыцца ў жніўні. Калі з першай спробы прадаць не атрымаецца, будзе паўторны аўкцыён са зніжэннем цаны.

А Крылоў з невялікай камандай энтузіястаў працягвае карміць коз і спадзяецца, што інвестар усё ж такі знойдзецца.

Попыт ёсць, прапановы амаль няма?

Здавалася б, гэта гісторыя пра беды аднаго бізнэсу. Але кола замкнулася, і рынак зноў прыйшоў да сітуацыі, калі вольная цэлая ніша.

За апошнія 20 гадоў у краіне з'явіліся прыватнікі, якія зацікавіліся козамі, але казінае малако застаецца нішавым прадуктам нават у планетарным маштабе. У свеце казінае малако займае каля 2,4% рынку, у Еўропе — крыху больш за 3%, але цікавасць да яго расце. Раней Крылоў называў для Беларусі лічбу 0,015%, але цяпер ацаніць долю яшчэ складаней.

Прычым гэтая ніша вольная не толькі ў нас, але і ў суседніх краінах, заўважае Крылоў: сыры з яго фермы былі запатрабаваныя ў Расіі.

— Нездарма козы такія дарагія. Сёння маладая козачка для прамысловага развядзення можа каштаваць амаль $1000 у Расіі. Гэта паказчык: рынак пусты. Казінага малака на рынку вельмі мала. Так, ёсць буйны перапрацоўшчык «Беллакт», ён вырабляе ў асноўным дзіцячае харчаванне і стэрылізаванае малако. А паўнавартаснага асартыменту — ёгуртаў, сыроў, рыкоты, тварогу — практычна няма.

Мы ў свой час свядома стваралі асартымент з цэльнага казінага малака. Працавалі не толькі на людзей з непераноснасцю каровінага малака, але і на тых, хто шукае якасны нішавы прадукт для здаровага харчавання.

Пры гэтым Дзмітрый адзначае, што людзей, якія не пераносяць каровіна малако, не так шмат, як прынята лічыць.

— Усе кажуць пра алергію, але, калі палічыць, не так ужо шмат людзей, якім падыходзіць толькі казінае малако. Мы гэта добра бачылі па попыце. Узімку, калі аб'ёмы малака сезонна былі менш за 400 літраў у дзень, нам пачыналі тэлефанаваць людзі, якія яго востра патрабуюць. А калі давалі аб'ёмы больш, то ўжо закрывалі гэтую патрэбу па Мінску і Мінскай вобласці.

Так што мы ўжо выйшлі на іншую аўдыторыю — на тых, хто любіць эксклюзіў, менавіта казіныя сыры, за здаровае харчаванне. Гэта ўжо больш патрабавальны кліент.

Зараз жа ніша казіных прадуктаў фактычна зноў апусцела. Асноўная праблема — высокія патрабаванні да вытворчасці. Каб патрапіць у гандлёвыя сеткі, патрэбныя паўнавартасны цэх і сертыфікацыя. Гэта дорага і складана, асабістая падсобная гаспадарка такое не пацягне.

— Засталіся толькі невялікія фермеры і прыватнікі. Ёсць майстры, якія ў хатніх умовах робяць добрыя сыры, але гэта не прамысловыя маштабы, у крамы з такім не зойдзеш.

А як жа кукурузны лабірынт?

Многія ведаюць гэтае месца дзякуючы кукурузнаму лабірынту, які з'явіўся тут у 2017 годзе. Раней пісалі, з чаго ўсё пачыналася: фермер вярнуўся з гэтай ідэяй з ЗША, а паралельна пра студэнта з такой задумкай распавёў Onlíner. Дзмітрый прачытаў матэрыял, два энтузіясты сустрэліся, ударылі па руках і ў тым жа годзе засеялі поле кукурузай. Так з'явіўся аграпарк «Кукуполіс».

— Першыя два-тры гады асабліва грошай ён не прыносіў, ехала не так шмат людзей. У нас тут дарога няважная, тэма была не вельмі раскручаная, тады многія людзі яшчэ адпачывалі за мяжой.

Потым быў кавід, стала складаней атрымаць візы — людзі сталі шукаць месцы для адпачынку ўнутры краіны, і ў кукурузнага лабірынта з'явілася сваё кам'юніці.

— У мінулым годзе мы два месяцы пражылі за кошт даходаў ад лабірынта. І падаткаў заплацілі нямала: там ужо не 10% ПДВ, як на прадукты, а 20%. Зараблялі 250 тыс. — з іх 50 тыс. сышло толькі на ПДВ.

Поле пад лабірынт у гэтым годзе таксама рыхтавалі. Ён працаваў у звязцы з казінай фермай, але працягне існаваць самастойна на базе фермерскай гаспадаркі разам з іншай інфраструктурай для турыстаў і невялікім кантактным заапаркам.

Дзмітрый спадзяецца, што летам сюды зноў прыедуць людзі — няхай ужо не за малаком і сырам, а за прагулкамі і экскурсіямі.

Турыстаў разлічваюць прыцягнуць раней за звычайны сезон: не чакаць жніўня з кукурузным лабірынтам, а пачаць ужо ў маі, калі пацяплее, — з экскурсій да бабровай плаціны.

Або можна прыехаць у альтанкі з мангаламі і адпачыць ля ракі.

За анонсамі і актыўнасцямі «Кукуполіса» можна сачыць у Instagram праекта.

Фінал

Дом Дзмітрыя знаходзіцца літаральна ў пары крокаў ад фермы. З'язджаць ён не плануе і застаецца побач са справай, якой прысвяціў усё жыццё. Занадта многае тут будавалася гадамі, каб проста ўзяць і сысці. Пры гэтым ён кажа, што не любіць скардзіцца і нікога не вінаваціць у тым, што адбылося.

— І калі гэта ўжо здарылася, тут ніхто асабліва не вінаваты. Недзе ты недазразумеў, штосьці выпусціў, няправільна паднёс, не знайшоў правільных слоў. Але ўсё, што ў мяне было, я ўклаў у гэты праект.

Запас веры ў казіныя прадукты і энтузіязм у фермера былі, але жыццё суровае і шмат у чым матэрыяльнае, а бізнэс мае сваю цану.

— Дом не дабудавалі, усё ўкладалі ў коз — і то яго могуць забраць. Мы ж былі паручыцелямі па крэдыце, так што прыходзілі з АПВ, усё апісалі, што ёсць.

Што далей? Ліквідацыя — гэта кропка для бізнэсу. Я тут ужо ніхто, ва ўмовах ліквідацыі нельга нічога рабіць, акрамя як захоўваць тое, што ёсць. Але застаецца надзея, што нехта купіць і захавае ўнікальную для краіны гаспадарку.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула