БЕЛ Ł РУС

У Навагрудку прадавец тэлефонаў патаемна афармляў крэдыты на пашпарты кліентаў

16.04.2026 / 16:18

Nashaniva.com

31‑гадовы мужчына працаваў у краме мабільнай тэхнікі і дапамагаў пакупнікам афармляць крэдыты на тавары. Маючы доступ да пашпартных даных кліентаў, праз некаторы час ён пачаў выкарыстоўваць іх без ведама людзей, паведаміў Следчы камітэт.

Фота: lookby.media

Спачатку мужчына аплачваў узятыя такім чынам крэдыты, каб не выклікаць падазрэнняў. Але калі ў яго ўзніклі фінансавыя праблемы, выплаты спыніліся і пачаліся пратэрміноўкі.

Банкі сталі дасылаць паведамленні пра даўгі людзям, якія ніякіх крэдытаў не бралі. Пасля гэтага пацярпелыя звярнуліся ў міліцыю.

Следства ўстанавіла, што мужчына аформіў як мінімум тры крэдыты на агульную суму больш за 13 тысяч рублёў. Грошы ён выкарыстаў на пагашэнне ўласных даўгоў і асабістыя патрэбы.

Высветлілася таксама, што раней ён ужо быў судзімы за прысваенне маёмасці ў буйным памеры і меў забарону на працу з матэрыяльнымі каштоўнасцямі. Нягледзячы на гэта, ён зноў учыніў злачынства.

На допыце мужчына прызнаў віну і сказаў, што разлічваў самастойна выплаціць крэдыты, каб ніхто нічога не заўважыў, але ў яго не хапіла грошай.

Чытайце таксама:

У Польшчы затрымалі групу інтэрнэт-махляроў. Сярод іх — грамадзянін Беларусі

Пенсіянерка са Жлобіна лётала двойчы за мяжу, каб аддаць грошы махлярам

Мінчук забраў у падманутых махлярамі людзей 70 тысяч даляраў

Хлопец прайграў грошы ў казіно, а маме сказаў, што стаў ахвярай махляроў

Каментары да артыкула