Экс-гулец зборнай Беларусі пра першую жанчыну-трэнера ў Германіі: Як яна будзе заходзіць у мужчынскую распранальню? Пастаянна грукацца?
Былы форвард зборнай Беларусі Вячаслаў Глеб пракаментаваў прызначэнне Мары-Луізы Эты на пасаду галоўнага трэнера берлінскага «Уніёна», піша football.by.
Мары-Луіза Эта. Фота: сацсеткі клуба
— Навіна пра прызначэнне Мары-Луізы Эты ва «Уніён» мяне здзівіла. Аднак яны любяць эпатаваць, гэта ж Еўропа! Там хапае феміністак, яны выступаюць за роўнасць і іншыя рэчы, якія я не хачу агучваць. Але мне здаецца, што гэта няправільны шлях. Не хачу сказаць, што жанчыны павінны быць далікатнымі. Хочуць быць моцнымі — няхай. Але глядзіце: як жанчына будзе заходзіць у мужчынскую распранальню? Пастаянна грукацца? А як хлопцы будуць яе ўспрымаць? Як эксперымент гэта цікава, але, на мой погляд, ён не атрымаецца.
— Думаеце, у беларускім футболе такое немагчыма?
— У тэорыі ўсё магчыма. Я вучыўся на трэнерскіх курсах разам з дзяўчынай. Але можна паразважаць і з іншага боку: хто ў нашым жаночым чэмпіянаце ўзначальвае жаночыя каманды? Мужчыны. Але атрымліваецца, што ўсё магчыма. І «Уніён» гэта даказаў. Ці прынясе гэта поспех? Сумняваюся.
Мары-Луізу Эту прызначылі в.а. галоўнага трэнера берлінскага клуба на мінулым тыдні пасля звальнення Штэфана Баўмгарта.
Гэта першы выпадак прызначэння жанчыны на пасаду галоўнага трэнера ў чэмпіянатах топ-пяці еўрапейскіх футбольных краін (Англія, Германія, Іспанія, Італія і Францыя).
Мары-Луіза трэніравала юнацкую каманду U19 і павінна была ўзначаліць жаночую каманду з лета.
Эта — паспяховая футбалістка: яна гуляла ў апорнай зоне, у прыватнасці за «Турбінэ Патсдам», станавілася чэмпіёнкай Германіі і выйгравала Лігу чэмпіёнаў. Яе клікалі ва ўсе моладзевыя зборныя ад U15 да U23. У «Уніёне» яна ўжо працавала памочнікам трэнера ў 2023 годзе.
Сёння «Уніён» згуляе ў матчы чэмпіянату Германіі з «Вольфсбургам».
Берлінскі клуб за пяць тураў да фінішу займае 11‑ы радок у Бундэслізе, на 11 балаў знаходзячыся вышэй за зону вылету, дзе атабарыліся згаданы «Вольфсбург» і «Хайдэнхайм» і на 6 балаў вышэй за «Санкт-Паўлі», што займае 16‑ы радок. Каманда, што фінішуе 16-й, будзе гуляць у стыкавых матчах з клубам, што фінішуе трэцім у другой бундэслізе.
Вячаслаў Глеб, малодшы брат Аляксандра Глеба, у свой час згуляў 10 матчаў за «Гамбург» у Бундэслізе, выступаў за «Франкфурт», швейцарскі «Грасхопер», але нідзе не здолеў стаць гульцом асновы. Потым гуляў у Кітаі.
У чэмпіянаце Беларусі пагуляў за некалькі беларускіх клубаў. Апошнім клубам Глеба-малодшага стаў дзяржынскі «Арсенал». У красавіку гэтага года ён узначаліў GGS United з другой лігі.