Чаму мужчын трыгерыць «жаночая піўная» і абанементы з улікам менструацыі? Пра што гавораць у шоу Ментусавай і Раецкай
Пакуль у краіне зверху прыдумалі Год беларускай жанчыны, беларускі рашылі расказаць, што іх насамрэч хвалюе. У эфір вярнулася шоу «Жанчыны цяжкіх паводзінаў». Кацярына Раецкая, Марына Ментусава і Настасся Карасёва зноў сабраліся разам, каб абмеркаваць розныя праблемы: ад агрэсіўных мужчынскіх каментарыяў у інтэрнэце да дэпрэсіі і гвалту. І што рабіць з мужчынамі, якія не плацяць аліменты.
Скрын з шоу «Жанчыны цяжкіх паводзін». Злева направа: Марына Ментусава, Настасся Карасёва і Кацярына Раецкая
Фармат новага сезона жаночага шоу просты: вядоўцы чытаюць ананімныя пытанні ад беларусак і адказваюць на іх.
Што насамрэч патрэбна беларускам у Год беларускай жанчыны
Пачынаюць з абвешчанага Лукашэнкам Года беларускай жанчыны.
Вядоўцы задаюцца простым пытаннем: што канкрэтна зрабілі ўлады для жанчын? Звольнілі адзіную жанчыну-міністарку, забаранілі аборты ў прыватных клініках, пакінулі за кратамі сотні палітзняволеных жанчын.
«Спачатку ты забіваеш болт на свой электарат, а жанчын — больш за палову насельніцтва. А потым пачынаеш разумець, што не проста так былі жаночыя маршы. Гэтыя заляцанні праз шэсць гадоў — гэта даволі забаўна. Але гэта лепш, чым Год рускай мовы, напрыклад», — кажа Кацярына Раецкая.
Размова хутка сыходзіць з узроўню лозунгаў на ўзровень базавых патрэбаў — закон пра хатні гвалт, вызваленне жанчын-палітвязняў.
«Хаця б каб дзяржава сказала: «Мы супраць гвалту». А не калі яны на ўсіх узроўнях за гвалт», — фармулюе Марына Ментусава.
Вядоўцы закранулі таксама тэму аліментаў і хто плаціць, калі мужчына знік з жыцця дзіцяці. У такой сітуацыі, разважаюць, мог бы дапамагчы аліментны фонд: дзяржава пакрывае выдаткі на дзіця, а ўжо потым сама выбівае грошы з даўжніка.
«Як дзяржава бегае за экстрэмістамі, адчайна і люта. Але яна магла б пераключыць свой фокус», — заўважае Кацярына Раецкая.
Чаму мужчын трыгерыць «жаночая піўная»
Гарачымі тэмамі для абмеркавання сталі адкрыццё піўной «толькі для жанчын» і ўвядзенне фітнэс-абанементаў з улікам менструальнага цыкла. У сацсетках гэтыя ініцыятывы выклікалі шквал агрэсіўных каментароў з боку мужчын.
На думку вядоўцаў, гэта прыклад таго, як у беларускім грамадстве ўспрымаюцца жаночыя межы, жаночае цела і само права жанчыны на асобную прастору, дзе можна пачуваць сябе бяспечна.
«Некаторыя мужчыны пачалі пісаць пра тое, што яны будуць спецыяльна прыходзіць да гэтай піўной і спрабаваць туды ці ўвайсці, ці падпільноўваць дзяўчат, якія адтуль будуць выходзіць, — кажа Марына Ментусава і дадае:
— Адна піўная толькі для жанчын, адна-адзіная. І мы не забіраем памяшканне ў мужчынскай піўной, ніхто вас не дыскрымінуе. Адваліце!»
Што да абанемента ў залу, то жанчыны хочуць, каб іх фізіялогію ўлічвалі.
«Паглядзіце ролікі пра мужчын, якія нібыта адчуваюць менструальны боль. Ім на пузіка клеяць дэтэктары, і яны нічога не могуць зрабіць, па доме ходзяць і стогнуць: «Я не магу нават руку падняць». А мы пры гэтым рэжымы звяргаем. Ну, ці амаль звяргаем. Робім усё тое ж самае, сцякаючы крывёй», — каментуе Марына Ментусава.
«Мужчынам стала нармальна параўноўваць жанчын з калекамі ці жывёламі праз коску, і ўсё таму, што ім не дазволілі падоўжыць абанемент на тыя ж пяць дзён», — кажа Раецкая.
Інвентарызацыя падтрымкі
Частка выпуску была прысвечана псіхалагічнаму стану.
Настасся Карасёва адкрыта распавяла пра свой досвед цяжкай дэпрэсіі, якую не вытрымалі нават яе тагачасныя адносіны. «Ну а ты доўга яшчэ будзеш у такім стане?» — такая рэакцыя, з якой даводзіцца сутыкацца з боку, здавалася б, блізкага чалавека.
«Мне здаецца, што я сама сабе больш за ўсіх дапамагла. Бо ніхто акрамя нас не дапаможа сабе лепш, чым мы самі», — заўважае Карасёва.
Разам з гэтым яна кажа і пра важнасць правільна падабраных антыдэпрэсантаў, і пра калег, якія ўвайшлі ў яе стан і разгрузілі яе на працы.
Ментусава ў адказ прапануе не абстрактную «любоў да сябе», а вельмі канкрэтны падыход — «інвентарызацыю падтрымкі»: сесці і выпісаць, хто і ў чым сапраўды можа быць табе апорай. Хто можа проста выслухаць, хто дапаможа па працы, хто дасць «пінок», а хто дазволіць табе быць слабай.
«Часам нам не трэба, каб нас штурхалі. Часам трэба, каб нам дазволілі пабыць «анучай» і прынялі нас у гэтым стане», — кажа Марына Ментусава.
Што далей
Галоўная місія абноўленага шоу — падсвятляць экспертныя жаночыя галасы. У планах вядоўцаў запрасіць да размовы не толькі палітычных лідарак, як Святлана Ціханоўская ці Марыя Калеснікава, але і экспертак з розных сфер. Гэта і Ганна Самарская (Women in Tech), і пісьменніца Ева Вежнавец, і спартсменка Аляксандра Герасіменя, і спявачка Ганна Шаркунова.