«Можаце рабіць мемы. Дазваляю». Мэр Львова зрабіў забаўную агаворку ў звароце да шведскага караля
Мэр Львова Андрэй Садавы 17 красавіка на сустрэчы з каралём Швецыі Карлам XVI Густавам, які прыехаў у горад, дапусціў моўную памылку, павітаўшы манарха фразай «Ваша надзвычайнасць» (Your Emergency) замест «Ваша вялікасць» (Your Majesty).
Кароль Швецыі Карл XVI Густаў (у цэнтры), Андрэй Садавы справа ад яго. Скрыншот з відэа
Інцыдэнт адбыўся падчас афіцыйнага візіту шведскага манарха ў Львоў. 79‑гадовы кароль Швецыі Карл XVI Густаў і міністр замежных спраў краіны Марыя Мальмер Стэнергард прыбылі туды 17 красавіка, пасля таго, як правялі сустрэчы ў Кіеве.
Сам Андрэй Садавы паставіўся да сваёй агаворкі з гумарам. Ён прызнаў памылку ў сацсетцы X, напісаўшы:
«Так, я сказаў «ёр эмэрджэнсі». Можаце рабіць мемы. Дазваляю».
Што да самога караля, то ён нічым не выдаў сваю рэакцыю на незвычайны зварот да яго. «Я гугліў пра ваш горад — ён вельмі прыгожы», — сказаў Карл XVI Густаў падчас прагулкі па цэнтры Львова.
Чытайце таксама:
Каля Кангрэса ЗША паставілі статую Трампа ў абдымках Эпштэйна на носе «Тытаніка»
«Закон павінен ісці сваёй дарогай». Карл III пракаментаваў арышт свайго брата
Белы дом выдаліў відэа Трампа з Абамамі ў выглядзе малпаў, але прэзідэнт ЗША адмовіўся выбачацца