БЕЛ Ł РУС

«Жудасць жудасная». У расійскім гатэлі проста каля ложка паставілі помнік салдату Алёшу

21.04.2026 / 09:52

Nashaniva.com

Пабедабесны крэатыў у адной з гасцініц Волагды перайшоў межы зонаў камфорту і здаровага сэнсу. У нумары пад назвай «Мурманск» усталявалі гіпсавую копію знакамітага помніка «Алёша» — савецкага манумента абаронцам Вялікай Айчыннай вайны. Цяпер пастаяльцам прапануюць засынаць пад пільным позіркам велічэзнай бетоннай фігуры са зброяй за спінай.

Гатэль вырашыў аформіць свае нумары ў стылі розных расійскіх гарадоў, распавядае «Астра». Калі ў іншых пакоях можна сустрэць лакальныя арнаменты ці пейзажы, то «Мурманск» вырашылі прэзентаваць асабліва. «Заходзіш — і адразу разумееш: гэта не проста нумар», — з гонарам адзначаюць у апісанні гатэля.

Рэакцыя карыстальнікаў сеціва аказалася далёкай ад патрыятычнага захаплення. Асноўная эмоцыя — страх. Людзі адзначаюць, што суседства з «чужым і велізарным» мужчынам, які стаіць над табой, пакуль ты спіш, мякка кажучы, наганяе жах.

«Што наогул рабіць, калі ў тваім нумары нехта чужы і велізарны? Тое, што ў яго за спінай зброя, — я наогул маўчу, хоць спрасоння наўрад ці звернеш на гэта ўвагу. Жудасць жудасная», — пішуць у каментарах патэнцыйныя госці.

Асабліва жыва карыстальнікі ўяўляюць атмасферу ноччу: калі святло ліхтароў ці месяца падае на гіпсавага салдата, нумар ператвараецца ў дэкарацыі да фільма жахаў.

Помнік «Алёша», арыгінал якога стаіць у Мурманску з 1974 года, — гэта мемарыял у гонар салдат, загінулых у Вялікай Айчыннай вайне.

Ці карыстаецца нумар папулярнасцю, невядома.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула