Палітзняволеная, якая выйшла на волю ў канцы лютага, нарадзіла дзіця
У Наталлі Левай нарадзіўся хлопчык.
Былая палітзняволеная Наталля Левая зацяжарыла ў калоніі пасля спаткання з мужам — пара доўга не магла завесці дзяцей. Падчас «памілавання» яна была ўжо на апошніх месяцах цяжарнасці.
У Наталлі нарадзіўся хлопчык, піша «Белсат».
Раней жанчыну асудзілі на 6 гадоў калоніі за «фінансаванне вайны і экстрэмісцкай дзейнасці». Да зняволення яна працавала ў Польшчы IT-спецыялісткаю.
На сумную сітуацыю з Наталляй Левай звярнула ўвагу галоўная рэдактарка Tut.by Марына Золатава
«Больш за ўсё сёння мяне хвалюе Наташа Левая. Адбыўся цуд: пасля спаткання з мужам яна зацяжарыла. Да гэтага пара доўгі час не магла завесці дзяцей. Нараджаць Наташы прыкладна ў сакавіку. Так хочацца, каб гэта адбылося ў іншых умовах», — напісала ў студзені ў сацсетках Марынa Золатава, якая сама выйшла на волю 13 снежня.
Праз месяц Наталля Левая выйшла на свабоду.