Спецпасланнік Трампа прапанаваў ФІФА замяніць зборную Ірана на чэмпіянаце свету еўрапейскай камандай. Ідэя па-валюнтарысцку дзіўная
Прапанова з'яўляецца спробай залагодзіць канфлікт паміж Трампам і кіраўніцтвам гэтай краіны, з якой пасварыўся прэзідэнт ЗША.
Італія прайграла ў стыкавым матчы зборнай Босніі на пенальці. Фота: Image Photo Agency / Getty Images
Спецыяльны пасланнік прэзідэнта ЗША Дональда Трампа па глабальных партнёрствах Паала Замполі прапанаваў ФІФА замяніць зборную Ірана камандай Італіі на будучым чэмпіянаце свету па футболе 2026 года, які пройдзе ў ЗША, Мексіцы і Канадзе. Пра гэта заявіў сам Замполі, паведамляе Financial Times.
«Пацвярджаю, што я прапанаваў Трампу і Інфанціна замяніць Іран на чэмпіянаце свету Італіяй», — сказаў газеце Замполі.
Ён адзначыў, што з’яўляецца італьянцам па паходжанні, «і было б марай убачыць «скуадру адзуру» на турніры, які праводзіцца ў ЗША».
Як сцвярджае спецпасланнік, чатыры тытулы чэмпіёна свету, заваяваныя Італіяй [1934, 1938, 1982 і 2006, больш тытулаў (пяць) мае толькі Бразілія — НН], апраўдваюць прапанову ёй месца на чэмпіянаце.
Паводле слоў крыніц FT, знаёмых з сітуацыяй, гэтая прапанова з’яўляецца спробай аднавіць адносіны паміж Дональдам Трампам і прэм’ер-міністрам Італіі Джорджай Мелоні пасля таго, як паміж імі адбыўся канфлікт на фоне крытыкі, якой ён абмяняўся з Папам Львом XIV з-за вайны з Іранам.
Прапанова аб замене Ірана Італіяй была вылучана пасля таго, як зборная апошняй не змагла кваліфікавацца на чэмпіянат свету, які пройдзе ў ЗША, Мексіцы і Канадзе ў чэрвені—ліпені.
Зборная Італіі не змагла кваліфікавацца на чэмпіянат свету па футболе, прайграўшы ў выніковым стыкавым матчы па пенальці зборнай Босніі. Гэта трэці запар чэмпіянат свету, на які Італія не трапіла. Прычым яна выйграла чэмпіянат Еўропы ў 2021 годзе.
Пасля пачатку канфлікту ў Іране кіраўніцтва футбольнай зборнай гэтай краіны неаднаразова заяўляла, што можа не адравіць каманду на чэмпіянат свету. Усе тры матчы групавога турніру Іран павінен правесці ў ЗША. Прапановы перанесці гульні ў Мексіку ФІФА і футбольная федэрацыя Мексікі адкінулі.
Таксама гучалі замяніць Іран іншай зборнай. Але логіка падказвае, што гэта павінна быць дружына з Азіяцкай футбольнай канфедэрацыі, і наступнай па рэйтынгу з'яўляецца зборная ААЭ.