«Калі ўжо быць — дык быць як маяк!» У Варшаве адбыўся канцэрт Максіма Знака
22 красавіка ў Музеі вольнай Беларусі ў Варшаве адбылася творчая сустрэча з паэтам, бардам, адвакатам і былым палітвязнем Максімам Знакам. Варшаўскі канцэрт завяршае турнэ аўтара «Зэкамерона» па польскіх гарадах. У Варшаве здарыўся аншлаг з пякучымі авацыямі. «Гэты вечар быў патрэбны нам усім!» — сказала пасля імпрэзы адна з наведніц. Тэлеканал «Белсат» пабываў на канцэрце і дзеліцца ўражаннямі.
Творчая сустрэча з юрыстам штабу Віктара Бабарыкі і былым палітзняволеным Максімам Знакам у Музеі вольнай Беларусі. Варшава, 22 красавіка 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат
Максім Знак завяршыў творчае турнэ па польскіх гарадах, якое сам назваў феерычным, выступам у варшаўскім Музеі вольнай Беларусі. Да гэтага аўтар «Зэкамерона» даў канцэрты ва Уроцлаве, Гданьску, Гдыні і Беластоку.
У Варшаве ён спяваў свае песні і чытаў аповеды з кніжак («апублікаваных і неапублікаваных») на тле карцін з выставы Лявона Вольскага «Лес чуе, а поле бачыць», і гэтае суседства рабіла кантэкст яшчэ больш беларускім і ў той жа час —— касмічным. Забягаючы наперад — вечарына скончылася трохразовым выклікам на біс і такімі магутнымі апладысментамі, што работы Вольскага аж дрыжэлі на сваіх цвіках…
Фота: Рауль Дзюк / Белсат
«Зэкі ў зубных феяў не верылі»
«Большасць таго, што я сёння буду вам паказваць, гэта тое, што напісалася, хаця б часткова, — можа, мелодыя ці кавалак тэксту, а бывала, што і тэкст, і мелодыя, — не проста ў зняволенні, але ў ШІЗА, дзе не было ні паперы, ні гітары, ні асадкі. І вось нейкім чынам там гэтыя песні ствараліся. Яшчэ амаль ніхто іх не чуў. І мы сёння іх праспяваем», — казаў на пачатку Максім Знак.
Першая песня была пра беларусаў, якія «выйшлі з мора, развітаўшыся з ім назаўжды». «І таму зараз, братка, трывай!» — гучыць у рэфрэне. Кожную паўзу паміж песнямі Знак запаўняў цёплымі жартамі, каламбурамі ці апавяданнямі са сваіх кніжак.
«Сёння я хачу больш спяваць, чым гаварыць ці чытаць кнігі. Вы ж ведаеце, кожны бард — гэта яшчэ горш за графамана», — жартаваў Знак. «Але ўсё ж пра кнігі я раскажу…» — дадае праз паўзу.
І Максім Знак расказвае. Расказвае, што, акрамя «Зэкамерона», ён напісаў у турме яшчэ 18 кніг, якія «можна зараз аднаўляць ці не аднаўляць». Адна з іх — «Каланісты», якую Знак зараз вяртае з памяці да жыцця. Другая — «Біверлі Хіл» («пра маё ўяўленне эміграцыі»), якую напісаў у 2024 годзе, знаходзячыся ў абсалютным «інкамунікада». Абедзве кнігі абʼядноўвае эпіграф з «Таямнічай выспы» Жуля Верна. Апавяданне «Зубная феечка» з будучага зборніка «Каланісты» аўтар чытае ў Варшаве ўпершыню.
Фота: Рауль Дзюк / Белсат
У фінале зала выбухае раскацістым смехам.
«Працаваць зубной феечкай у калоніі — ідэя сумнеўная. Па-першае, лёгка абанкруціцца. Па-другое, калі ноччу ў «спалку» да мужыкоў уваходзіць, то за грошы, бадай, не адкупішся. Так што зэкі ў казачных зубных феяў не верылі. Але рэальную зубную фею ўсе ведалі добра. Гэта была мажная дзяўчына-стаматолаг, у яркім адзенні ў абцяжачку…» — чытае Максім Знак.
Спойлерыць не будзем. Але Знак абяцае, што гэтае апавяданне прагучыць неўзабаве ў тэатры Максіма Горкага ў Берліне — на імпрэзе з нагоды гадавіны выхаду нямецкамоўнага «Зэкамерона». Як кажа аўтар, апавяданні са зборніка будзе там чытаць і нобелеўская лаўрэатка Герта Мюлер. Былы палітвязень зазначае, што для «Каланістаў» было «сабрана і запісана» 120 невялікіх апавяданняў, якія былі ў яго канфіскаваныя і зараз аднаўляюцца з памяці.
«Але дзесьці там, можа, хтосьці іх чытае? Можа, ёсць які чытач. Я спадзяюся, хаця б адзін…» — казаў Знак, іранічна пасміхаючыся.
«Але вы сваю частку працы таксама выканайце»
А потым бард і былы палітзняволены дзяліўся (зноў жа —— з усмешкай) сваім «душэўным болем».
«Калі я «заходзіў» у ШІЗА на 48 сутак, нарабіў там і наперакладаў 167 песень. Выйшаў з гэтым багажом і прыехаў сюды. Кажу: «Вось, я гэта магу і гэта магу!». І высветлілася, што большую частку песень, якую я перакладаў на беларускую, зараз ніхто слухаць не хоча, таму што яны былі спачатку на расейскай…» — прызнаваўся Максім Знак.
І тлумачыў, што ягоныя пераклады з расейскай ці ангельскай, зробленыя ў штрафных ізалятарах, пачынаюць гучаць «зусім інакш». Становяцца, па сутнасці, беларускімі песнямі — «быццам бы пра нас пісаліся і ад пачатку — па-беларуску». Іх сапраўды варта паслухаць.
Максім заспяваў славуты трэк Барыса Грабеншчыкова «Моей звезде не суждено…» па-беларуску — «Такі ў зоркі лёс, яна…» Потым — песню гурта Ivasi, за ёй — бітлоўскую Yesterday («Учора я быў свабодны ад турбот сваіх…»).
Фота: Рауль Дзюк / Белсат
Аглушальнымі воплескамі аўдыторыя (Музей вольнай Беларусі запакаваны пад завязку, крэслаў бракавала) сустракае «Песню пра бульбу», якая для многіх зрабілася гімнам («Яны думалі, нас пахавалі…») і песню пра Варшаву, напісаную аж у 2013 годзе.
«Максім, ці была ў вас ідэя запісаць нарэшце альбом?» — пытаюцца з залы.
«Калі хтосьці раптам слухае на Spotify, ці на YouTube Music, ці Apple Music, ці дзе заўгодна, увядзіце там Maksim Znak і пабачыце, што там ляжыць 39 песень, якія не вельмі шмат хто слухае. Калі я пабачу, што яны пераадолелі пэўную мяжу… Не, я ўсё адно буду запісваць, я ўжо запісваю, я не магу не запісваць. Але вы сваю частку працы таксама выканайце. Я буду запісваць вельмі шмат, калі хтосьці гэта будзе слухаць», — адказвае Знак (слухачы схіляюцца над тэлефонамі).
Фота: Рауль Дзюк / Белсат
«Калі доўга-доўга сядзець у ШІЗА, то…»
Бард спявае сваю мінскую песню «Ветразь» (з аднайменнага, дарэчы, альбома) і расказвае гісторыю стварэння «Андалузкі».
«Калі доўга-доўга сядзець у ШІЗА, то можна атрымаць сапраўдную шызу. Могуць пачаць уяўныя сябры зʼяўляцца. Ці сапраўдныя. Ці можаш пачынаць размаўляць. Я сапраўды пісаў там у думках лісты, размаўляў з кімсьці з блізкіх, родных. Гэта нармалёва. Ведаеце, часам і ў жыцці так бывае… Калі я перакладаў у гэтым ШІЗА адну з песень, мне трэба было да «мовы французскай» нейкую прыдумаць рыфму. І неяк з мяне вылезла зграя андалузцаў…» — распавядаў Максім Знак.
Пасля выканання «Андалузкі маёй» у моцныя абдымкі барда трапляе сапраўдная андалузка і беларуская паэтка Анхела Эспіноса Руіс.
Грымучыя авацыі накрываюць залу пасля таго, як Максім Знак заспявае «Маякі»: «Калі ўжо рабіць, дык не шкадаваць пасля. Калі ўжо быць, дык быць як маяк».
А потым пойдзе хвалямі (спяе, дарэчы, і сваю дылогію пра хвалі). Развітальную песню («Гэта будзе звычайны дзень. Можа, праз месяц, а можа, і заўтра сонца разгоніць цень…» слухачы вітаюць стоячы і не адпускаюць Знака.
«Я магу хоць ноч спяваць, а вось вы столькі пляскаць не будзеце», — пасміхаецца былы палітвязень і запускае сваю пірацкую, якой падпявае ўся зала. Паспявае яшчэ больш запаліць публіку трэкам на біс пра легендарнага Эрнеста Шэклтана і, зразумеўшы, што спяваць сапраўды давядзецца ўсю ноч, літаральна збягае са сцэны, каб ужо праз пяць хвілін сабраць сваіх слухачоў у даўгую чаргу па аўтограф на «Зэкамероне».
Фота: Рауль Дзюк / Белсат
«Гэта фенаменальная галава, гэта незвычайнае сэрца!»
«Я вельмі ўражаны. Я першы раз бачу Максіма. Гэта нават не чалавек, а нейкая падзея сапраўдная! Столькі ведаць, столькі рабіць, столькі памятаць! Пасля 2000 дзён у турме…» — дзеліцца ўражаннямі пасля канцэрту беларус Зміцер.
Вядомы беларускі лекар і грамадскі дзеяч Андрэй Вітушка, які пабываў на вечарыне, прызнаецца, што ў яго нават бракуе слоў, каб апісаць уражанні ад канцэрта Максіма Знака.
«Тут важны нават не столькі сам канцэрт, колькі маштаб асобы, чалавека, які так сціпла расказвае пра тое, што напісаў у зняволенні 400 старонак тэксту, а калі іх забралі, то напісаў яшчэ раз. Для мяне гэта — абсалютны космас! Якім увогуле цудам можна прыдумваць песню, не маючы інструмента? Ствараеш тэкст і не маеш, на чым яго запісаць, а потым не маеш на чым яго сыграць. І ўсё гэта павінна адбывацца ў адной галаве і там застацца! Гэта фенаменальная галава, гэта незвычайнае сэрца! І гэта вялікая радасць, што ў нас, у беларусаў, ёсць такі чалавек… У нас ёсць Максім Знак, у нас ёсць Алесь Бяляцкі, ёсць і іншыя людзі, такія глыбы, светачы. Маякі! І ў гэтым сэнсе нам вельмі і вельмі пашанцавала», — дзеліцца думкамі Андрэй Вітушка.
«Максім Знак — гэта проста мой герой. Я так чакала, калі яго выпусцяць, і я вельмі радая, што ён здаровы і жывы. І ўвогуле, увесь гэты вечар быў такі тэрапеўтычны. Гэты вечар быў патрэбны нам усім. Было столькі цеплыні, столькі дабрыні ў гэтым. Усе беларусы сапраўды коцікі. Часам мы забываемся пра гэта…» — дзяліліся эмоцыямі маладыя беларусы Наталля і Аляксей.
Калі раптам хто з беларусаў забыўся, што ён коцік, і з нейкіх прычын не трапіў на вечарыну Максіма Знака, то ягоную кніжку «Зэкамерон» можна набыць у варшаўскай кнігарні «Кнігаўка». А мы ўжо чакаем «Каланістаў» ды наступных твораў Знака.
Чытайце таксама:
Максім Знак: Мы з Ціханоўскай зайшлі падаваць скаргу ў кабінет Ярмошынай — але Ярмошынай там не было
У Варшаве на наступным тыдні адчыніцца кніжная крама фонду «Камунікат»