Максім Знак: Мы з Ціханоўскай зайшлі падаваць скаргу ў кабінет Ярмошынай — але Ярмошынай там не было
Пасярод размовы яго падманам вывелі ў суседні пакой. І не пусцілі назад.
Былы палітвязень Максім Знак у новым выпуску «Току» распавёў дэталі падзей 10 жніўня 2020 года ў Цэнтральнай выбарчай камісіі — дня, пасля якога Святлана Ціханоўская пакінула Беларусь.
Паводле яго, у той дзень ён разам са Святланай Ціханоўскай, Марыяй Калеснікавай і іншымі прадстаўнікамі штаба прыйшлі ў Цэнтрвыбаркам, каб падаць скаргу на вынікі выбараў. Спачатку Ціханоўскую запрасілі ў будынак адну, аднак яна адмовілася ісці без адваката і каманды.
«Яе запрасілі адну, яна сказала: без адваката не пайду. Была дыскусія, але ўрэшце мяне прапусцілі разам з ёй», — узгадвае Знак.
Яны накіраваліся ў кабінет старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай, каб асабіста перадаць скаргу.
«Я нават прапаноўваў падаць праз канцылярыю, але нам сказалі: не, трэба асабіста.
Мы зайшлі ў кабінет Ярмошынай — але яе там не было. Там былі зусім іншыя людзі», — кажа ён.

Першую частку сустрэчы Знак правёў разам з Ціханоўскай. Паводле яго, размова пачыналася даволі спакойна і выглядала як спроба «абмеркаваць сітуацыю».
«Казалі, што цяпер складаная сітуацыя, трэба паразмаўляць. І, калі шчыра, у той момант магло здавацца, што гаворка пойдзе пра нейкі дыялог — як спыніць гвалт, што адбываўся ў першыя дні пасля выбараў, і пакараць вінаватых», — адзначыў ён.
Аднак неўзабаве яго папрасілі выйсці з кабінета — нібыта каб пакласці тэлефон.
«Гэта выглядала даволі натуральна: маўляў, каб не было праслухоўвання. Я выйшаў — і на гэтым мне ўжо закрылі ўваход назад», — распавёў Знак.
Далей ён заставаўся ў суседнім памяшканні, дзе правёў некалькі гадзін, пакуль працягвалася размова.
«Я ўвесь час быў побач. Выбар быў просты: альбо заставацца і разумець, што адбываецца, альбо спрабаваць эскалаваць сітуацыю і невядома дзе апынуцца. Я вырашыў застацца — хаця б каб быць упэўненым, што няма фізічнага гвалту», — сказаў ён.
Паводле Знака, да пэўнага моманту ўсё выглядала «больш-менш нармальна», але сітуацыя змянілася, калі дзверы зачыніліся і каля іх з’явіліся людзі.
«Да таго моманту, пакуль не зачыніліся дзверы і не сталі два чалавекі перад імі, усё выглядала даволі звычайна. А потым стала зразумела, што мы трапілі ў пастку — і нас проста раз’ядналі», — адзначыў ён.
Знак кажа, што ў кабінеце прысутнічалі кіраўнік Аператыўна-аналітычнага цэнтра Андрэй Паўлючэнка і намеснік міністра ўнутраных спраў Генадзь Казакевіч.
Знак падкрэсліў, што хаця тон размовы быў знешне карэктны, сама сітуацыя выглядала ненармальна.
«Калі ты прыходзіш у кабінет да жанчыны, а там двое мужчын і яны пачынаюць яе ў нечым пераконваць — гэта ўжо само па сабе ненармальна», — сказаў ён.
Размова працягвалася некалькі гадзін.
«Мне прапанавалі прысесці. Я казаў: «Не, я буду стаяць». Яны стаялі, я стаяў, мы чакалі. У нейкі момант Знак заўважыў, што ў будынак ідзе відэааператар.
«Тады стала зразумела, што перамовы скончыліся — але гэта былі не тыя перамовы», — адзначыў ён.
Пасля гэтага Ціханоўская выйшла з кабінета.
«Мы абняліся, развіталіся. Яна сказала, што мусіць ехаць — без падрабязнасцей. Я разумеў, што бываюць сітуацыі, калі выбару проста няма», — успамінае Знак.
Неўзабаве пасля гэтага Ціханоўскую вывезлі з краіны. Сам Знак пасля выхаду з будынка ЦВК пайшоў расказваць пра тое, што адбылося.
Беларускія абрады, арнаменты і беларуская мова паўсюль. Як нашчадак перасяленцаў зрабіў сяло каля Байкала зноў беларускім, і чаму гэта можа хутка скончыцца
Каментары